Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Андрэй Саннікаў звяртаецца ў пракуратуру 11:11, 10/01/2007
Міжнародны каардынатар Хартыі’97 Андрэй Саннікаў звяртаецца з заявай у пракуратуру Першамайскага раёна Менска і пракуратуру Рэспублікі Беларусь у сувязі з пазапраўным адабраннем у яго вялікай сумы грошай мытнай службай аэрапорта “Мінск-2”.
Праваабаронцу затрымалі ў менскім аэрапорту 26 сакавіка мінулага года пасля прыбыцця з Лондана. Падчас агляду ў яго былі канфіскаваныя 1.040 даляраў ЗША і 260 Еўра. Нягледзячы на тое, што Саннікаву ўручылі акт аб асабістым аглядзе, у якім адзначаецца, што ён не правозіў ніякіх забароненых для ўвозу рэчаў, мытнікі заявілі, што сума грошай у валюце, якая перавозіцца ім, можа быць фальшывай.
Грошы каардынатару Хартыі’97 не вярнулі дагэтуль. На неаднаразовыя звароты праваабаронцы ў мытню аэрапорта “Мінск-2” Саннікаву спачатку адказвалі, што ягоная справа разглядаецца ў Мытным камітэце Рэспублікі Беларусь, а пасля паведамілі, што ёй займаюцца ў КДБ.
У ліпені 2006 года каардынатара Хартыі’97 выклікалі ў інспекцыю па падатках і зборах г.Менска, дзе яму паведамілі, што інспекцыі (па заданні намесніка міністра па налогах і зборах А Дарашэнкі) даручана запатрабаваць ад праваабаронцы тлумачэнняў наконт канфіскаванай валюты. Акрамя таго, ад Саннікава запатрабавалі прадставіць дэкларацыю аб прыбытках і маёмасці за перыяд 2005 года.
Усё патрабаванні інспекцыі праваабаронца выканаў, але ў снежні 2006 года яго ізноў выклікалі ў інспекцыю Першамайскага раёна сталіцы і запатрабавалі прадставіць тлумачэнні па прыбытках і маёмасці за перыяд з 1991 года па цяперашні час, уключаючы тлумачэнні па канфіскаванай валюце.
“Такім чынам, першапачатковае тлумачэнне чыннікаў канфіскацыі валюты – праверка сапраўднасці купюр – змянілася, і зараз ад мяне патрабуюць адзначыць іх паходжанне, хоць я з самога пачатку заяўляў, што гэта мае асабістыя сродкі. Лічу, што дзеянні дзяржаўных органаў пераследуюць мэту аказання на мяне ціску па палітычных матывах”, – напісаў Андрэй Саннікаў у заяве ў пракуратуру.
С прычыны таго, што канфіскаваныя ў сакавіку грошы дагэтуль не вернутыя, Саннікаў просіць пракуратуру Першамайскага раёна Менска і пракуратуру Рэспублікі Беларусь даць тлумачэнні на конт правамернасці дзеянняў афіцыйных органаў і ўзнікнення новых тлумачэнняў па канфіскацыі і ўтрыманні грошай цягам такога доўгага часу. Праваабаронцу таксама цікавіць, ці існуюць якія-небудзь тэрміны для прыняцця рашэння аб вяртанні канфіскаванай валюты законнаму ўладальніку.