Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
«The Financial Times»: Беларусь павінна заставацца незалежнай дзяржавай 12:42, 10/01/2007
Падчас цяперашняй нафтавай канфрантацыі паміж Расеяй і Беларуссю ў самае цяжкае становішча трапляе Еўрапейскі Звяз. На карту пастаўленыя пазіцыі па трох самых важных пытаннях: энергетычнай бяспекі, лёсу Беларусі як апошняй дыктатуры Еўропы і неабходнасці даць адпор пагардлівым паводзінам Расеі на прасторы былога Савецкага Саюза, асабліва гэта датычыцца выкарыстання яе энерганосьбітаў як прылады палітычнага ціску, піша сёння брытанская “The Financial Times”.
Калі Крэмль вырашыць спыніць бясплатна падтрымліваць Аляксандра Лукашэнку і запатрабаваць платы за энерганосьбіты па рынкавай цане, ён мае поўнае права гэта зрабіць. Аднак ягоныя дзеянні павінны быць прадказальнымі. Гэткае рэзкае спыненне паставак нафты ў Беларусь (у тым ліку і транзітных паставак) ёсць не што іншае як спроба аказання палітычнага ціску на Менск. Як заявіла ўчора канцлерка Нямеччыны Ангела Меркель, для яе непрымальнае тое, што Расея закруціла кран, не папярэдзіўшы пра гэта спажыўцоў сваёй нафты ў ЕЗ. Менсавіта падобныя крокі і перашкаджаюць Расеі стаць для Захада надзейным пастаўшчыком энергарэсурсаў, кім яна імкнецца стаць.
Будзем справядлівыя да прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна – у яго ёсць усе падставы для незадаволенасці паводзінамі Лукашэнка. Кіраўнік Беларусі ўвесь час парушае эканамічныя пагадненні; акрамя таго ён не выканаў сваё ўсім вядомае абяцанне падрыхтаваць Беларусь да магчымага зліцця з Расеяй. Аднак Пуцін павінен прызнаць, што частка адказнасці за падтрымку беларускага фанфарона кладзецца і на ягоныя плечы: Лукашэнка ўжо даўно страціў бы ўладу, не будзь у яго маскоўскіх субсідый.
Уласна кажучы, у гэтым уся соль праблемы, з якой сутыкаецца ЕЗ. З аднаго боку, ЕЗ не жадае бачыць Лукашэнку ў Еўропе, і гэта правільна. З іншага, ЕЗ не павінен і даваць Расеі магчымасць захапіць палітычны кантроль над Беларуссю і тым больш паглынуць яе. Падобны трыўмф Крамля можа стварыць небяспечны прэцэдэнт у адносінах Расеі з іншымі рэспублікамі былога Савецкага Саюза – у прыватнасці, Грузіяй і Украінай, – пазіцыі якіх таксама лёгка ранімыя.
Да шчасця, ЕЗ яшчэ не ўстаў перад неабходнасцю выбіраць між гэтымі двума ліхамі. Падчас цяперашняга скандалу пакуль не выявілася ніякіх прыкмет таго, што Масква жадае прыняць Лукашэнку. Усё, чаго, судзячы па сітуацыі, хоча ад яго Пуцін – каб ён плаціў па рахунках, а таксама каб напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, якія адбудуцца ў Расеі ў 2008 годзе, пазіцыі Крамля раслі і ўзмацняліся – бо, хоць сам Пуцін балатавацца ўжо не будзе, кандыдату Крамля ён жадае забяспечыць гарантаваную перамогу.
Аднак Брусэль абавязкова павінен быць гатовы да магчымай змены рэжыму ў Менску. Калі на Захадзе патрабуюць зняць Лукашэнку, пры гэтым практычна заўсёды разумеецца, што гэтае будзе зроблена дэмакратычным шляхам, а на яго месца сядзе празаходні дэмакратычны лідэр. Але што калі ўсё здарыцца па-іншаму, і свайго пераемніка Беларусі навяжа Масква?
Калі выказаць здагадку, што цэны на энерганосьбіты застануцца высокімі, і рэсурс Расеі будзе і далей толькі расці, то атрымоўваецца, што Захаду будзе цяжка паўплываць на вынік. Але ён, тым не менш, павінен жорстка дамагацца двух рэчаў. Па-першае, каб ні пры якіх акалічнасцях не парушаліся пастаўкі энергарэсурсаў; па-другое, каб Беларусь заставалася незалежнай дзяржавай, якой бы моцнай не станавілася Масква.
Што датычыцца першай пазіцыі, то тут Крэмль накшталт толькі рады даць адпаведныя гарантыі, бо ён сам імкнецца нарошчваць экспарт у ЕЗ. Аднак беларуская дзяржаўнасць можа стаць пытаннем зусім іншага парадку – ужо занадта прывабнай здаецца магчымасць зноў узяцца за будаўніцтва імперыі.