Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Расея сцвярджае, што Беларусь першай перакрыла трубу 09:27, 10/01/2007
Намеснік міністра эканамічнага развіцця і гандлю РФ Андрэй Шаронаў у інтэрв’ю “Российской газете” распавёў пра падаплёку і храналогіі газавага канфлікту з Беларуссю. Ён сцвярджае, што беларусы першымі перакрылі трубу, хоць у Менску ад гэтага адмаўляюцца.
“Раніцай 8 студзеня расейская нафта, якая прапампоўвалася па нафтаправодзе “Дружба” ў Еўразвяз, больш не паступала ў Еўропу з боку Беларусі. Пры тым, што пастаўкі нафты ў Беларусь ішлі ў звычайным рэжыме. Прадстаўнікі “Транснафты” ва Усходняй Еўропе, якія дзяжураць кругласутачна, імгненна паведамілі пра гэта ў Маскву. Праз дзве хвіліны была дадзеная каманда спыніць пастаўкі нафты ў бок Беларусі, – заявіў Шаронаў. – Здарылася так, што беларускі бок пачаў пазапраўнае адбіранне нафты, якае ідзе ў Заходнюю Еўропу. Нафта канфіскоўвалася і запампоўвалася ў беларускія сховішчы. Беларускі бок назваў гэты крок “арыштам” тавару, які “пазапраўна” ідзе праз мытную тэрыторыю гэтай краіны.
Ці хутка могуць быць знойдзеныя абыходныя шляхі, Шаронаў выказаць здагадку адмовіўся: “Гэтым пытаннем зараз займаюцца адмыслоўцы. Магу толькі сказаць, што мы не збіраемся паддавацца на шантаж, пры якім у нас адымаюць наш тавар, прычым з поўнай магчымасцю прадаць яго каму заўгодна па якіх заўгодна цэнах”.
“Расейская нафта, якая ідзе абсалютна ва ўсе краіны, заўсёды абкладалася і абкладаецца экспартнай пошлінай. Гэтыя грошы на тэрыторыі Расеі плацяць расейскія нафтавыя кампаніі. І толькі нафта, якая ішла ў Беларусь, такой пошлінай не абкладалася. Але, атрымоўваючы яе па ўнутраных расейскіх цэнах, беларускі бок мог перапрадаваць яе за мяжу ўжо па сусветных. Гэта было адной з прэферэнцый у рамках Саюзнай дзяржавы. Дык вось 8 снежня Расея пазбавіла Беларусь магчымасці з такім “наварам” перапрадаваць свой тавар. Але гэта не санкцыі, не дыскрымінацыя. Гэта проста раўнаванне Беларусі са ўсімі астатнімі краінамі свету, – падкрэсліў службоўца Мінэканамразвіцця. – А вось тое, што Беларусь увяла ў адказ – гэта ўжо сапраўдныя санкцыі. Больш таго, гэта – нечуваныя меры, якія ніколі нідзе не ўжываліся. Аналіз практыкі СГА на працягу апошніх 13 гадоў паказаў, што ні адна краіна свету такога сабе не дазваляла".