Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Яраслаў Раманчук: «Перад Лукашэнкам паўстануць сур’ёзныя праблемы нават з тымі, хто яго падтрымаў на выбарах» 12:02, 11/01/2007
Кіраўнік навукова-даследчага цэнтра Мізэса Яраслаў Раманчук у інтэрв’ю “Нямецкай хвалі” аналізуе магчымыя наступствы эскалацыі гандлёвай вайны паміж Расеяй і Беларуссю. “Пачнецца падзенне даверу да ўлады і, я думаю, пры такім сцэнары паніжэнне сацыяльных стандартаў не за гарамі. У выніку, перад Лукашэнкам паўстануць сур’ёзныя праблемы нават з тым электаратам, які падтрымаў яго на апошніх прэзідэнцкіх выбарах”, – лічыць эканаміст.
– Што азначае для беларускай эканомікі скасаванне Мытнага Саюза з Расеяй, калі яно ўсёткі адбудзецца?
– Скасаванне Мытнага Саюз дэ-юрэ азначае пераход тавараў з Беларусі ў такі самы рэжым, які маюць тавары з Польшчы, Літвы або Нямеччыны. Калі Расея будзе ставіцца да нашых тавараў гэтак сама, як яна ставіцца, напрыклад, да мяса з Украіны, віна з Грузіі або Малдовы, гэта выльецца для Беларусі ў сумарныя страты парадку $1 млрд.
– Вы закранулі, скажам так, фінансавы аспект. А калі паглядзець у чалавечым вымярэнні – як такая перспектыва, калі яна будзе рэалізаваная, адаб’ецца на звычайных беларусах, якія вырабляюць усе гэтыя тавары, экспартуемыя ў Расею?
– Калі тавары не будуць перасякаць расейска-беларускую мяжу з цяперашняй інтэнсіўнасцю, вядома, гэта прывядзе да нестабільнасці беларускага рубля. Пасля гэтага пайдзе адток укладанняў насельніцтва з банкаў. І людзі, якія, не маюць вялікага выбару, як зберагчы, як выратаваць свае грошы, пачнуць рабіць, тое, з чым яны ўжо абвыкліся – інвеставаць, купляючы еўра і даляры. Пачнецца падзенне даверу да ўлады і, я думаю, пры такім сцэнары паніжэнне сацыяльных стандартаў не за гарамі. У выніку, перад Лукашэнкам паўстануць сур’ёзныя праблемы нават з тым электаратам, які падтрымаў яго на апошніх прэзідэнцкіх выбарах.
– У Лукашэнкі ў апошнія гады атрымоўвалася захоўваць для беларускага дырэктарата вельмі камфортныя ўмовы працы з прычыны таго, што Расея пастаўляла энерганосьбіты па досыць даступных цэнах. Калі такіх умоў больш не будзе, як адрэагуе на гэта дырэктарат, ці ёсць магчымасць з’яўлення ў ім нейкай фронды?
– Я лічу, што менавіта дырэктарат з’яўляецца тым асяроддзем, якое больш за ўсё непакоіць Лукашэнку. У значнай меры ўвесь гэты нафтавы канфлікт, гэты надрыў, быў накіраваны на тое, каб прадухіліць з’яўленне апанентаў з асяроддзя дырэктарата. Бо, калі сітуацыя пагоршыцца, людзі зразумеюць, што далей так жыць нельга. А сярод прамыслоўцаў, якія гандлююць з Расеяй, якія атрымоўвалі рэсурсы бясплатна па-за залежнасці ад фінансавых вынікаў, узнікне незадаволенасць. З’явяцца людзі, якія захочуць змяніць сітуацыю. Тым больш, што гэтых людзей сама Расея будзе схільная падтрымліваць.