Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
З Расеяй змогуць гандляваць не ўсе беларускія прадпрыемствы 10:18, 11/01/2007
З 1 сакавіка Расея плануе купляць малочную, мясную і рыбную прадукцыю толькі ў атэставаных расейскімі адмыслоўцамі беларускіх прадпрыемстваў. Пра гэта паведаміла 10 студзеня агенцтва ІТАР-ТАСС са спасылкай на кіраўніка Федэральнай службы па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе Сяргея Данкверта. Па ягоных словах, тое рашэнне ніяк не звязанае з сітуацыяй вакол паставак у краіну энерганосьбітаў. “15 студзеня ў Маскве мы правядзем сустрэчу з беларускімі калегамі, падчас якой плануем пазначыць пэўныя тэрміны правядзення інспекцыі беларускіх прадпрыемстваў расейскімі ветэрынарамі”, – сказаў С.Данкверт.
У сераду з’явілася таксама паведамленне, што выканаўчы дырэктар Расейскага саюза прадпрыемстваў малочнай галіны Уладзімір Лабінаў прапанаваў увесці мытныя пошліны на малочныя прадукты з Беларусі. На яго меркаванне, гэта нармальная мера. “Мы жывем у розных эканамічных рэжымах: Расея – у рынкавых, а Беларусь – у планавай эканоміцы, у паўсацыялізме, дзе сельская гаспадарка, харчовая прамысловасць субсідуецца дзяржавай, у адрозненні ад нас”, – сказаў У.Лабінаў. Паводле ягоных дадзеных, Беларусь займае другое месца пасля Украіны па аб’ёме імпарту малочнай прадукцыі ў Расею.
6 студзеня ў інтэрв’ю радыёстанцыі “Эхо Москвы” кіраўнік Федэральнай службы па наглядзе ў сферы абароны правоў спажыўцоў і дабрабыту чалавека – галоўны санітарны лекар Расеі Генадзь Анішчанка адзначыў, што “Беларусь на рынкі Расеі заўсёды пастаўляла дыхтоўныя прадукты, гэта ў асноўным сельскагаспадарчыя, малочнакіслыя прадукты”. “Я вельмі Б хацеў, каб так і было”, – сказаў Г.Анішчанка.