Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Датэрмінова галасаваць ходзяць строем і па камандзе 09:45, 12/01/2007
На выбарах у мясцовыя Саветы ўлады зноў выкарыстоўваюць адміністрацыйны рэсурс, паведаміў БелаПАН выканаўчы дырэктар грамадскага аб’яднання “Беларускі Хельсінкскі камітэт” (БХК) Алег Гулак.
“Сёння мы атрымалі ліст Маладзечанскага райвыканкама са ўсімі атрыбутамі (на бланку, з друкам), адрасаваны кіраўнікам прадпрыемстваў. У ім гаворыцца, што “11 студзеня ў райвыканкаме адбудзецца працоўная нарада аб ходзе датэрміновага галасавання. Быць падрыхтаванымі да справаздачы”. Я тэлефанаваў у райвыканкам Маладзечна, мне пацвердзілі, што такая нарада сапраўды адбылася”, – сказаў А.Гулак.
Пры гэтым праваабаронца здзіўляецца, з якога боку тут кіраўнікі прадпрыемстваў. “Атрымалася, што кіраўнікі прадпрыемстваў, сябры камісій, Цэнтрвыбаркам – усе ведаюць рэзультаты датэрміновага галасавання. Інфармацыю не даюць толькі назіральнікам і кандыдатам у дэпутаты”, – адзначыў А.Гулак.
Сёння актывісты БХК наведалі выбарчы ўчастак, які знаходзіцца ў тым самым будынку, што і офіс грамадскага аб’яднання. “Курсанты школы міліцыі строем, пад кіраўніцтвам сваіх начальнікаў ідуць на выбарчы ўчастак. На мой погляд, ніхто не замінаў ім прыйсці 14 студзеня, у дзень галасавання, і прагаласаваць. Як я чуў, ніякіх надзвычайных сітуацый або вайсковага становішча ў нас не плануецца, каб вось так прыводзіць курсантаў для галасавання”, – падкрэсліў праваабаронца.
Таксама А.Гулак адзначыў, што дагэтуль нядосыць інфармацыі аб кандыдатах у дэпутаты. “Мы абыйшлі раён – шчыты, на якіх павінны быць агітацыйныя матэрыялы, пустыя”, – канстатаваў ён.
Па словах праваабаронцы, гэтыя факты задакументаваныя і будуць прыкладзеныя да выніковай справаздачы па назіранні за выбарамі.