Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Лябедзька зняў сваю кандыдатуру з «выбараў» 15:20, 12/01/2007
Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька паведаміў пра здыманне сваёй кандыдатуры з выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў. Палітык заявіў, што “прызнанне Аляксандра Лукашэнкі ў фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкай кампаніі, выключае ўсялякую магчымасць правядзення справядлівых і сумленных выбараў у Беларусі пры цяперашняй уладзе на любым узроўні”.
У заяве пра здыманне сваёй кандыдатуры з выбараў лідэр АГП таксама канстатаваў, што з 202 сяброў Аб’яднанай грамадзянскай партыі, якія апавясцілі пра свой намер удзельнічаць у палітычнай кампаніі “мясцовыя выбары”, толькі 60 пераадолелі бар’ер рэгістрацыі. З 537 актывістаў Аб’яднанай грамадзянскай партыі, высунутых у Менску ў выбарчыя ўчастковыя камісіі, улады не ўключылі ў склад камісій ніводнага чалавека.
Лябедзька сцвярджае, што беларускія спецслужбы забаранілі сталічным друкарням рознай формы ўласнасці друкаваць інфармацыйную прадукцыю кандыдатаў Аб’яднанай грамадзянскай партыі; гарадскія ўлады адмовіліся задавальняць заяўкі на правядзенне сустрэч і пікетаў у месцах, зручных для камунікацый з выбаршчыкамі; на тэрыторыі Машэраўскай акругі толькі адно месца ў закрытым памяшканні і два месцы на вуліцы для працы з выбаршчыкамі, і такое становішча ва ўсіх выбарчых акругах Менска; на трох кандыдытаў у дэпутаты (студэнтаў Белдзяржуніверсітэта) націскаюць, пагражаюць ім, а кандыдат у дэпутаты Менскага гарадскога Савета Алег Корбан правёў 15 дзён выбарчай кампаніі ў турме за ўдзел у акцыі салідарнасці з палітвязнямі; выступы асобных кандыдатаў ад АГП на радыё былі прапушчаныя праз сіта цэнзуры, а некаторым не дазволілі запісаць свой выступ у зручны для іх час.
“Асабіста мяне і маіх давераных асоб затрымоўвалі працаўнікі міліцыі, калі мы раздавалі інфармацыйныя матэрыялы альбо спрабавалі прайсці да выбаршчыкаў…Сцвярджаю, што цяперашняя кампанія цалкам не адпавядае міжнародным стандартам і арыентуецца на прызначэнне, а не абранне дэпутатаў”, – зазначыў лідэр АГП.
Пры гэтым палітык адзначае, што ў Менску кандыдаты ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі распаўсюдзілі каля 300 тысяч асобнікаў інфармацыйнай прадукцыі, у тым ліку палітычнае пасланне, праграму рэгіянальнага развіцця, прапановы Еўрапейскага Звяза для Беларусі. Актывісты партыі працуюць па прынцыпе “ад дзвярэй да дзвярэй”. Яны прайшлі дзесяткі тысяч кватэр менчукоў і сабралі ў сваю падтрымку тысячы подпісаў выбаршчыкаў.