Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Перабоі ў пастаўках нафты даюць надзею Балканскім краінам 14:06, 12/01/2007
Часовае спыненне паставак расейскай нафты ў напрамку Захаду дало надзею Балканскім краінам, піша сёння нямецкая “Berliner Zeitung”. Ужо гадоў 10 тут пад сукном ляжаць тры праекты па будаўніцтве адгалінаванняў нафтаправода, якія маглі б прайсці ад Чорнага да Адрыятычнага мора або да грэцкага ўзбярэжжа Міжземнага мора. Першапачаткова яны прызначаліся для палягчэння сітуацыі ў праліве Басфор, што цяпер перагружаны нафтавымі танкерамі. З гэтай задачай часткова спраўляецца ўведзены летась у эксплуатацыю нафтаправод паміж Баку на Каспійскім моры і турэцкім міжземнаморскім портам Джэйхан.
Спыненне паставак па нафтаправодзе “Дружба”, верагодна, стане стымулам для звароту да такіх пастаўшчыкоў нафты для ЕЗ, як Азербайджан або Казахстан. Але магчымасць імпарту сыравіны з гэтага рэгіёну на фоне апошніх падзей стане прывабнай толькі пры з’яўленні надзейнай альтэрнатывы транспартоўцы праз Беларусь. Яшчэ нядаўна міністр эканомікі і энергетыкі Румыніі Іяан-Кодруц Шэрэш наракаў у інтэрв’ю “Berliner Zeitung” на недастатковую цікавасць да балканскіх нафтаправодаў. “Мне падаецца, што ЕЗ не надае належнай увагі гэтым праектам, якія спрыялі б падвышэнню энергетычнай бяспекі”, – адзначыў ён.
Самы паўночны з запланаваных транспартных калідораў павінен быў ісці ад румынскага чарнаморскага порту Канстанта цераз Сербію, Харватыю і Славенію да італьянскага порту Трыест на Адрыятычным моры. Каменем перапоны на шляху гэтай 1300-кіламетровай трубы дагэтуль была Сербія. Цяпер замарожаны працэс збліжэння Белграда з ЕЗ, бо сербскае кіраўніцтва не імкнецца ў дастатковай меры супрацоўнічаць з Гаагскім вайсковым трыбуналам. Прагрэс можа быць дасягнуты ў тым выпадку, калі 21 студзеня на выбарах у парламент перамогуць не нацыяналісты, а прыхільнікі рэформаў.
Паводле праекта AMBO, нафтаправод мусіць прайсці ад балгарскага Бургаса цераз Македонію да албанскага парта Влера. Амерыканец Тэд Фергюсан, кіраўнік кансорцыума, нядаўна сказаў, што будаўніцтва трубаправода пачнецца праз паўгода, максімум праз 18 месяцаў. Сума магчымых выдаткаў складае прыкладна 1 млрд еўра. У міністэрстве фінансаў Македоніі ўжо падлічылі, што транзітныя пошліны могуць прынесці эканамічна слабой дзяржаве ад 20 да 35 млн даляраў. А пакуль AMBO займаецца пошукамі нафтавага канцэрна (які стане мажарытарным фундатарам), а таксама суднаўладальнікаў для транспартоўкі нафты па Чорным моры. Аднак трэці канкурэнт гэтага праекта – яшчэ адна траса, якая гэтаксама, як і папярэдняя, пачыналася б ў Бургасе, але заканчвалася – у грэцкім Александропалісе.
Паводле гэтага праекта, працягласць трасы складае 280 км – гэта самая кароткая і ў фінансавым плане выгодная нітка з іх усіх трох. Па першапачатковых планах яна можа быць уведзеная ў эксплуатацыю ўжо ў 2009 годзе. Аднак праблемай можа стаць партнёр, якога грэцкі бок узяў з сабою “ў лодку”: кантрольны пакет акцый кампаніі – 51 адсотак – знаходзіцца ў руках расейскага газавага манапаліста “Газпром”.