|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Лукашэнка гатовы збліжацца з Захадам у адплату Расеі 11:26, 15/01/2007 Беларускі кіраўнік канстатаваў, што ў Масквы і Менска розныя погляды на будаўніцтва “саюзнай дзяржавы”. “З усіх кансультацый і перамоваў я зразумеў, што ў нас розныя падыходы і паняцці па будаўніцтве саюзнай дзяржавы. Саюз мусіць будавацца на прынцыпах раўнапраўя”, – адзначыў спадар Лукашэнка. “Расейскі бок пайшоў на гэта, каб растаптаць саюз і пусціць пад адхон цэлую краіну з дружалюбным брацкім народам... Калі кожны год будуць хапацца за вентыль, то гаворка ні пра які саюз ісці не можа”, – лічыць ён. Аляксандр Лукашэнка даў зразумець, што, магчыма, будзе новае абвастрэнне ў адносінах, паабяцаўшы ўвесці “пошліну і нейкую плату па адчувальных для Расеі таварах” у выпадку абмежавання доступу беларускай прадукцыі на расейскі рынак. Ён не выключыў, што ў выпадку ціску з боку Масквы Менск увядзе арэндную плату за зямлю пад нафтаправодам. Паводле яго слоў, калі Расея была ў цяжкіх умовах, беларускі бок “без падаткаў будаваў адгалінаванне Ямал – Еўропа і страціў на гэтым прыкладна 1 млрд даляраў”. “Мы дзейнічалі як браты і выгаду не шукалі”, – падкрэсліў ён і паведаміў, што за транзіт газу Расея нібыта плаціць Польшчы 4,5-5 млрд даляраў, а Беларусі – усяго 120 млн (па дадзеных “Времени новостей”, плацяжы за транзіт расейскага газу па польскай тэрыторыі складаюць парадку 300 млн дал.). У выніку Лукашэнка прапанаваў Маскве: “Заплаціце нам 5 млрд даляраў (за транзіт газу. – Рэд.), і мы не будзем спрачацца за цану на газ”. Лукашэнка сцвярджаў, што адказнасць за адключэнне паставак нафты ў Еўропу ляжыць на Расеі: “Мы не маем дачынення да эскалацыі напружанасці вакол нафтавай трубы. Гэты крызіс быў справакаваны не намі... У Еўропе шмат хто зразумеў пасля гэтага канфлікту – сёння мы, а заўтра могуць быць яны”. “Еўропа і ЗША у гэтай сітуацыі павялі сябе прыстойна. Яны прапанавалі нам падтрымку. Гэтага мы ніколі не забудзем”, – адзначыў Лукашэнка. І у доказ паабяцаў развіваць адносіны з заходнімі краінамі: “Мы гатовыя супрацоўнічаць хоць з чортам, хоць з д’яблам, каб гарантаваць энергетычную бяспеку... Калі Еўропа гатовая супрацоўнічаць, мы пайдзем на любое супрацоўніцтва з Еўропай у гэтым плане”. Беларускі кіраўнік працягнуў развіваць сваю думку пра энергетычную палітыку Расеі і рэзка раскрытыкаваў будаўніцтва газаправода “Северный поток” з Расеі ў Нямеччыну па дне Балтыкі і прапанаваў Расеі пабудаваць яшчэ адну нітку газаправода Ямал – Еўропа. “Самы дурацкі праект Расеі – гэта будаўніцтва па Балтыйскім моры газаправода. Невядома, што можа адбыцца з гэтым газаправодам, які ляжыць на кучы баяпрыпасаў”, – адзначыў учора спадар Лукашэнка і фактычна паўтарыў тое, што гавораць лідэры Польшчы і краін Балтыі. Па словах беларускага лідэра, “гэты праект можа ўвайсці ў Кнігу рэкордаў Гінэса”: “Будаўніцтва "Газпромам" балтыйскага газаправода – гэта што, нармалёвая палітыка? Што, мы можам весці з такім кіраўніцтвам нармалёвыя перамовы?” Інфарматар у Крамлі пракаментаваў гэтыя выказванні Лукашэнкі РІА Новости: “Гэтыя словы – яшчэ адно добрае пацверджанне неабходнасці будаўніцтва такога трубаправода”. Эскапады беларускага кіраўніка выглядаюць нелагічна пасля таго, як канфлікт, здаецца, быў вырашаны ў канцы тыдня шляхам складанага кампрамісу. Аднак Аляксандр Лукашэнка не стаў рабіць выгляд, што яму дарагі нават “дрэнны мір”. Паводле слоў вышэйшага інфарматара “Времени новостей”, у Маскве тлумачыць гэта тым, што ў Аляксандр Лукашэнкі меў вельмі напружаную тэлефонную гутарку з Уладзімірам Пуціным. Па словах суразмоўцы, Лукашэнка пачаў з папроку: Масква яго “падманула”. Пасля чаго гутарка перайшла на падвышаныя таны. Верагодна, вынікам гэтага і стала імкненне Лукашэнкі “на Захад”. Характэрна, што ў канцы 2006 года Еўразвяз у чарговы раз прапанаваў Беларусі пацяпленне адносінаў у абмен на правядзенне ў краіне дэмакратычных і рынкавых рэформаў. Праўда, кіраўнік беларускага аналітычнага цэнтра “Стратэгія” Леанід Заіка ў інтэрв’ю "Времени новостей" усумніўся, што Менск зробіць рэальны разварот у бок Захаду: "Улада можа выпусціць з турмаў двух-трох апазіцыянераў і дазволіць прадаваць у парламенце недзяржаўныя газеты. Але наўрад ці гэта тыя крокі, якія Захад будзе лічыць дастатковымі. Да таго ж у Расеі, як паказала практыка, шмат рычагоў, каб не дапусціць радыкальнай змены прыярытэтаў знешняй палітыкі Беларусі”. Вызначыў Аляксандр Лукашэнка і яшчэ аднаго віноўніка крызісу ў расейска-беларускіх стасунках – расейскія СМІ: “Толькі ў "халодную вайну" так могуць сябе весці некаторыя краіны і дзяржавы. Аплёўваць кіраўніка дзяржавы, не важна, у якіх газетах і часопісах, здзекавацца над беларускім народам, які нічым не правініўся перад расейскім народам, – я думаю, гэта не дадае ў нашыя стасункі даверу". Калі казаць пра сутнасць пагадненняў паміж Масквой і Менскам па нафце і газе, беларускія незалежныя эксперты і ўрадавыя службоўцы сходзяцца: умовы беларуска-расейскага пагаднення (падпісанага ў пятніцу) аб супрацоўніцтве ў нафтавай сферы выгодныя для Менска. Аналагічна падаюць праблему і дзяржаўныя СМІ Беларусі. А беларускі віцэ-прэм’ер Андрэй Кабякоў на прэс-канферэнцыі ў суботу распавёў пра механізм збірання расейскай экспартнай пошліны і заявіў, што падпісанае ў Маскве пагадненне – "гэта не саступка, гэта цывілізаваны спосаб развязання спрэчкі – з разлікамі, лічбамі. Разлікі паказваюць, што такое размеркаванне з’яўляецца найболей справядлівым". Віцэ-прэм’ер паабяцаў, што, нягледзячы на змены ўмоў супрацоўніцтва з Расеяй у сферы энергетыкі, урад выканае прагноз эканамічнага развіцця на цяперашні год, у прыватнасці не дапусціць росту інфляцыі вышэй запланаваных 6 – 8%. "З пункту гледжання эканомікі гэта не прывядзе да сур’ёзных зменаў, катастроваў... Стратаў у бюджэце ў нашай краіне не будзе, і шкоды для бізнэсу, звязанага з нафтаперапрацоўкай, таксама не будзе", – адзначыў спадар Кабякоў, адказваючы на пытанне "Времени новостей".
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|