Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Былы кіраўнік Нацбанка прагназуе дэвальвацыю беларускага рубля 14:13, 15/01/2007
У мінулую пятніцу было падпісана беларуска-расейскае міжурадавае пагадненьне, згодна зь якім уся расейская нафта, якая прадаецца ў Беларусь, будзе абкладацца экспартным мытам у памеры 53 даляры за тону. Як ацэньваюць беларускія эканамісты ўплыў новых коштаў нафты на эканоміку?
Паводле менскага эканаміста Леаніда Заікі, у мінулым годзе нафта ў Беларусь прадавалася ў сярэднім па цане 270 даляраў за тону, такім чынам сёлета яна падаражэе на 20 адсоткаў, нагрузка на эканоміку вырасьце на 1 мільярд даляраў.
“У прынцыпе гэта можа скараціць бюджэтныя патокі. Але яшчэ цярпіма, асабліва ўлічваючы, што ў нас за незалежнасьць ніхто не пакутаваў, як літоўцы, якія за свой сувэрэнітэт сядзелі ў халодных кватэрах”, -- паведаміў эканаміст для “Радыё Свабода”.
Экс-старшыня Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч ў сувязі з падаражаньнем нафты прагназуе рост цэн, перш за ўсё на бэнзін:
“Безумоўна, гэтыя 53 даляра на тоне трэба будзе перакрываць. Рост цэнаў будзе і, акрамя таго, будуць недапаступленьні ў бюджэт. Гэта таксама паўплывае на нашу эканоміку, улады могуць павялічваць паступленьні ў бюджэт, падвышаючы кошты на бэнзін і мазут”, -- заявіў былы кіраўнік Нацбанка ў інтэрв’ю “Радыё Свабода”.
Але спадар Багданкевіч прагназуе, што асабліва нэгатыўна новыя кошты на нафту і газ паўплываюць толькі напрыканцы гэтага года і ў наступным, бо пакуль у дзяржавы ёсьць рэзэрвы, напрыклад, прафіцыт бюджэту за мінулы год у памеры аднаго мільярда даляраў. Тым не меней Станіслаў Багданкевіч прагназуе дэвальвацыю нацыянальнай валюты:
“Думаю, што яна будзе даволі хутка. Рубель будзе дэвальваваны. Можа быць, нават у студзені месяцы. Будзе інфляцыя працэнтаў 12–15 за год, можа і болей. Падзеньне абменнага курсу рубля адносна даляра, відаць, будзе: ад 2140 дойдзем да 2500, а потым і да 3000”, -- прагназуе эканаміст.
Паводле інфармацыі Станіслава Багданкевіча, за час пэўнай панікі беларускіх укладчыкаў у канцы мінулага году рэзэрвы Нацбанку былі зьменшаныя больш чым на 200 мільёнаў даляраў. У цэлым жа спадар Багданкевіч мяркуе, што тут шмат будзе залежаць ад дзейнасьці ўраду і Нацбанку, ад таго, якія амартызацыйныя захады яны будуць выкарыстоўваць.