|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Сябры ўчастковай камісіі ў дзень выбараў былі п’яныя 14:20, 17/01/2007 Пасля заканчэння галасавання незалежны кандыдат у дэпутаты Аляксей Паўлоўскі захацеў азнаёміцца з вынікамі выбараў. Бо законам прадугледжана, што выніковыя пратаколы ўчастковыя камісіі абавязаныя вывешваць. Паўлоўскі прыйшоў на ўчастак для галасавання, які размяшчаўся ў фізкультурна-аздараўленчым комплексе завода “Тэхнапрыбор” і натыкнуўся на зачыненыя дзверы. Пачаў стукаць. Адкрыла вахцёрка. Прапусціла ў будынак, але копій пратаколу на стэндзе не знайшоў. Са слоў жанчыны, нікога з сяброў камісіі на ўчастку ўжо не было, а старшыня камісіі – спадар Карпаў павёз бюлетэні ў акруговую камісію і з’явіцца толькі а 23 гадзіне з выніковым пратаколам. Аляксею нічога не заставалася, як сыйсці. Але ён убачыў святло ў адным з акенцаў, калі пакідаў будынак Фока. Падышоў і ўбачыў: за сталом сябры камісіі пад шыкоўную закусь распівалі гарэлку. Тады няўрымслівы кандыдат узгадаў: ёсць Дырэктыва кіраўніка дзяржавы, якая вельмі строга забараняе падобныя вольнасці, асабліва калі гэта датычыцца службовых асоб. А тут не проста такія, а – узорныя людзі. Бо займацца падлікам галасоў сёння, на меркаванне ўлады, могуць толькі самыя адказныя і дасведчаныя людзі. Менавіта такіх у камісіі і прызначаюць, ігнаруючы "нячэсных" прадстаўнікоў апазіцыйных арганізацый. Паўлоўскі выклікаў міліцыю. Прыехалі ахоўнікі парадку даволі хутка. Пачалі стукаць. Адкрыла тая самая вахцёрка. Аляксей, калі ўвайшоў у пакой, запатрабаваў у пяцёх ахмялелых мужчын-сяброў камісіі выніковы пратакол, на што атрымаў адказ: маўляў, мы ўжо не працуем, мы зараз проста грамадзяне, якія адпачываюць і ядуць. А захмялелі ад таго, што схадзілі да аднаго з сяброў камісіі дадому і выпілі па 150. Тутака ж адпачываем і закусваем. Аднак калі міліцыянты агледзелі памяшканне, то знайшлі схаваную гарэлку. У гэты момант з’явіўся маёр Ленінскага РУУС Андрэй Мажанкоў. Усім прапанавалі прайсці ў наркалагічны дыспансер на медыцынскі агляд або прызнаць факт ужывання спіртных напояў на ўчастку для галасавання. Адмаўляцца не было сэнсу, і давялося цёплай кампаніі прызнаць сваю віну. Акрамя застолля, са слоў Аляксея Паўлоўскага, яны сарвалі "падлічыльнікам" галасоў і іншыя цікаўныя пункты паслявыбарнага "абмывання": мыццё ва ўжо нагрэтай сауне і купанне ў прахалодным басейне. – Магчыма, планаваліся і забаўкі з дзяўчынамі, – пажартаваў Аляксей. – Бо на поўным сур’ёзе адзін з сяброў камісіі па мабільніку даў пры нас камусьці адбой, маўляў, усе мерапрыемствы сарваныя. Ну а пасля быў складзены адміністрацыйны пратакол за распіванне спіртных напояў. Для таго, каб гэтае пытанне не "паклалі пад сукно", былы кандыдат у дэпутаты напісаў скаргі ў вышэйшыя выбарчыя камісіі і даў тлумачэнні працаўнікам міліцыі. Але і пасля гэтага Аляксей сумняваецца, што справа ссунецца з месца. Бо, на яго меркаванне, людзі з камісій працуюць на ўладу, выконваюць яе волю, і тая ў знак падзякі загладзіць канфлікт. Не сакрэт: толькі "камісары" сапраўды ведаюць усю паднаготную выбарчай кампаніі, рэальную, а не афіцыйную статыстыку.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|