Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Вернікі царквы «Новае жыццё» могуць зноў пачаць галадоўку 15:56, 17/01/2007
16 студзеня пастар пратэстанцкай царквы “Новае жыццё” Вячаслаў Ганчарэнка звярнуўся да грамадскасці з адкрытай заявай. “Я адчуваю, што вырашэнне пытання царквы “Новае жыццё” зацягваецца. З дня спынення акцыі прайшло тры месяцы, таму я лічу неабходным нагадаць грамадскасці пра нашу пазіцыю ў вырашэнні пытання на конт будынка царквы”, – сказаў Вячаслаў Ганчарэнка.
Зварот да грамадскасці прыняты напярэдадні паседжання Вышэйшага Гаспадарчага Суду, якое адбудзецца 19 студзеня і на якім будзе вырашацца пытанне “Новага жыцця”.
“Усе нашы намаганні вырашыць пытанне з Менгарвыканкамам законным шляхам ні да чаго не прывялі. Я чакаю, што судом будзе вынесенае канструктыўнае рашэнне, і мы забудзем сумны досвед бескарыснага хаджэння па кабінетах Менгарвыканкама. Калі нейкае з нашых патрабаванняў не будзе выканана, то мы мусім аднавіць акцыю грамадзянскага непадпарадкавання”, – заявіў Вячаслаў Ганчарэнка.
Нагадаем, што ўвосень мінулага года суполка падала ў Гаспадарчы Суд Менска пазоў аб прызнанні пазапраўным рашэння Менскага гарвыканкама ад 17 жніўня 2005 года аб пазбаўленні царквы зямлі і будынка па вуліцы Кавалёва, 72 у сталічным мікрараёне Сухарава. Сваім рашэннем ад 27 кастрычніка 2005 года суддзя Гаспадарчага Суду Менска Аляксандр Карамышаў адмовіўся задаволіць скаргу царквы і прызнаў законнымі дзеянні гарадскіх улад. Пасля таго як вернікі пачалі галадоўку пратэсту, старшыня ВГС Віктар Каменкоў 26 кастрычніка мінулага года апратэставаў рашэнне А.Карамышава па справе царквы “Новае жыццё” і прапанаваў яшчэ раз разгледзець гэтае пытанне ў прэзідыуме Вышэйшага Гаспадарчага Суду. Сваёй пастановай ад 4 лістапада прэзідыум ВГС задаволіў пратэст Віктара Каменкова на рашэнне суддзі А.Карамышава ад 27 кастрычніка 2005 года.
У кастрычніку 2006 года больш як 200 вернікаў пратэстанцкай царквы “Новае жыццё” цягам 23 дзён трымалі «пост-галадоўку», патрабуючы ад менскіх гарадскіх улад вярнуць ім малітоўны дом і зямельны ўчастак. На працягу гэтага перыяду вернікі не пакідалі будынка царквы, мужна абаранялі свой храм.