Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
КДБ працягвае аказваць ціск на беларускую моладзь 15:00, 17/01/2007
16 студзеня ўдзень моладзеваму актывісту Васілю Лемешу патэлефанаваў чалавек, які прадставіўся супрацоўнікам КДБ па Мінску і Мінскай вобласьці, аднак сваё прозьвішча не называў. Ён запрасіў яго на размову і прапанаваў прызначыць сустрэчу ў горадзе. У выпадку, калі Васіль Лемеш адмовіцца ад сустрэчы, супрацоўнік КДБ заявіў, што яму прышлюць павестку.
“Цікавасьць з боку КДБ да мяне ўзьнікла, калі я яшчэ вучыўся ў педуніверсітэце, год назад. Тады мяне часта выклікаў да сябе дэкан, каб я пісаў розныя тлумачальныя з нагоды ўдзелу ў дэмакратычных акцыях, папярэджваў наконт газеты “Танкісты”, якая выходзіла ў нашай навучальнай установе. Падчас прэзідэнцкіх выбараў, з 18 на 19 сакавіка, я быў затрыманы і арыштаваны на 3 сутак.
Мяркую, што сёньняшні тэлефонны званок хутчэй за ўсё зьвязаны з маім апошнім затрыманьнем 22 сьнежня, калі на кватэры Алеся Міхалевіча, намесьніка старшыні Партыі БНФ, ладзілася калядная вечарына з удзелам музыкаў. Тады міліцыянты павязалі ўсіх удзельнікаў і даставілі ў Савецкі РУУС, пасьля чаго нас з Міхасём пакаралі адміністратыўным арыштам на 5 сутак за дробнае хуліганства,” – распавёў ПЦ “Вясна” Васіль Лемеш.
Студэнт маркетынгу, мэнеджменту і прадпрымальніцтва БНТУ Яўген Іванюк распавёў, як яго таксама дапытваў супрацоўнік КДБ.
“Пасьля таго я як у сакавіку адседзеў 10 сутак за ўдзел у намётавым гарадку на Кастрычніцкай плошчы, на працягу месяца мяне даволі часта выклікалі ў дэканат, гэта цягнулася амаль месяц. І вось цяпер, калі 22 сьнежня я аказаўся сярод затрыманай моладзі за ўдзел у каляднай імпрэзе, у РУУС зноў быў той супрацоўнік КДБ Сяргей, які доўга са мной размаўляў, казаў: “Как ты меня расстроил, Женя, как ты меня подвел...
12 студзеня ўвечары мяне выклікаў дэкан, папрасіў напісаць тлумачальную за 22 сьнежня, але падчас нашай з ім размовы дэкану нехта тэлефанаваў і ён адказаў: “Ён ужо прыйшоў”, а таксама распавядаў, у чым я быў апрануты. Калі я выйшаў ад дэкана і не так далёка адыйшоў ад будынку факультэту, мне пазваніў дэкан і папрасіў вярнуцца. Каля корпусу ўніверсітэту стаялі падозраныя людзі ў спартовым адзеньні, і я вырашыў не ісьці на сустрэчу. Мяркую, што ў кабінеце дэкана мяне зноў чакаў супрацоўнік КДБ, а мне з ім гутарыць не хацелася. Я не пайшоў у інтэрнат, а вучыўся ў сяброў. Пасьля мне перадалі, што ў нядзелю да каменданта прыходзіў нейкі чалавек, распытваўся пра мяне, аднак суседзі па пакоі казалі, што да іх ніхто не заходзіў,” – распавеў Яўген Іванюк “Вясьне”.