Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Суд над актывістам СПБ пачнецца 23 студзеня 11:31, 17/01/2007
Крымінальная справа, узбуджаная ў дачыненні кіраўніка Гарадзенскага гарадскога аддзела Саюза палякаў Беларусі Мячыслава Яскевіча, будзе разгледжаная ў судзе Кастрычніцкага раёна Гародні 23 студзеня. Пра гэта прэс-цэнту Хартыі’97 паведаміў актывіст СПБ Анджэй Пачобут.
Нагадаем, М.Яскевічу ставіцца ў віну здзяйсненне злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства).
5 лістапада мінулага года позна ўвечары М.Яскевіч быў затрыманы міліцыянтамі на тралейбусным прыпынку. Супрацоўнікі органаў унутраных спраў сцвярджалі, што ён нібыта быў ініцыятарам бойкі. Яскевіча змясцілі ў следчы ізалятар, у дачыненні яго ўзбудзілі крымінальную справу. 7 лістапада актывіста СПБ выпусцілі на свабоду з абавязальніцтвам з’яўляцца на допыты ў якасці падазраванага.
Частка 1 артыкула 339 КК прадугледжвае наступнае пакаранне: грамадскія працы, або штраф, або арышт на тэрмін да шасці месяцаў, або пазбаўленне свабоды на тэрмін да двух гадоў.
Мячыслаў Яскевіч лічыць узбуджэнне ў дачыненні яго крымінальнай справы палітычным пераследам, а прэтэнзіі праваахоўных органаў – несправядлівымі. Паводле яго слоў, тое, што адбылося 5 лістапада, было звычайнай правакацыяй міліцыі.
Гэта не першы выпадак крымінальнага пераследу актывістаў Саюза палякаў. “Аднак упершыню актывіста СПБ абвінавачваюць у здзяйсненні крымінальнага злачынства. Раней актывістаў саюза прысуджалі да арышту і толькі па адміністрацыйных артыкулах”, – адзначыў Анджэй Пачобут.