Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Расея значна абмяжоўвае імпарт цукру з Беларусі 16:46, 17/01/2007
Масква і Менск сёння ўзгаднілі ўмовы пастаўкі ў РФ цукру з Беларусі. Як паведаміў міністр сельскай гаспадаркі РФ Аляксей Гардзееў журналістам у сераду, Беларусь узяла на сябе абавязальніцтвы абмежаваць пастаўкі цукру ў РФ у 2007 годзе аб’ёмам 180 тыс. тон, у 2008 годзе – 100 тыс. тон. Па словах А.Гардзеева, пагадненне, якое ўводзіць з боку Беларусі самаабмежаванне на пастаўку цукру ў РФ, будзе дзейнічаць на працягу двух гадоў.
“Сёння гэты дакумент будзе парафіраваны і вельмі хутка па даручэнні ўрада падпісаны”, – адзначыў ён.
Як лічыць А.Гардзееў, пэўнае вызначэнне аб’ёмаў паставак цукру з Беларусі ў РФ дазволіць і расейскаму, і беларускаму бізнэсу "дакладна разумець, у чым складаюцца абавязкі дзвюх краін па рэгуляванні гэтага рынку, і зыходзячы з гэтага вызначаць свае інвестыцыі ў бурачнацукровы комплекс", паведамляе “Інтэрфакс”.
Як паведаміў віцэ-прэм’ер рэспублікі Іван Бамбіза, які ўзначальваў беларускую дэлегацыю, прынятае рашэнне адпавядае інтарэсам Расеі і Беларусі. "Мы ўлічылі, што аграрныя комплексы абедзвюх краін дынамічна развіваюцца, мы з разуменнем паставіліся да таго, што абедзве краіны атрымалі сёлета рэкордныя ўраджаі цукровага бурака", – заявіў ён. Акрамя таго, улічана і тое, што сёння ёсць праблемы з рэалізацыяй цукру ў Беларусі. "Мы мусілі аператыўна ўрэгуляваць гэтую сітуацыю, каб пачаць працу на рынку і каб не было прэтэнзій з боку Расеі", – заявіў І.Бамбіза.
А.Гардзееў таксама паведаміў, што сёлета будзе значна спрошчаная працэдура паставак беларускага цукру ў Расею і расейскага ў Беларусь, знятыя абмежаванні на мяжы. "Няма сэнсу ў глыбокай праверцы паходжання цукру, бо будуць вызначаныя пэўныя аб’ёмы яго паставак", – заявіў ён.
Як ужо паведамлялася, з 10 лютага мінулага года беларускі цукар паступаў у Расею толькі праз адзіны мытны пост. Увесь цукар выгружаўся на склады і цалкам правяраўся на паходжанне.
Праблема паміж Расеяй і Беларуссю ў гандлі цукрам узнікла ў сувязі з тым, што, як лічаць у “Союзроссахаре”, Беларусь пастаўляе ў Расею сырцовы цукар пад выглядам бураковага, які не абкладаецца мытнай пошлінай. Выдаткі федэральнага бюджэту ад гэтага за апошнія 4 гады эксперты ацэньваюць у $165 млн. Цяпер з Беларусі ў Расею бяспошлінна можа ўвозіцца толькі цукар, выпрацаваны з цукровага бурака. Цукар, выраблены з імпартнага сырца, павінен абкладацца пошлінай у памеры $340 за тону.
У 2005 годзе Беларусь паставіла на расейскі рынак 376 тыс. тон цукру, у 2006 годзе – 369 тыс. тон.