|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Ці збіраецца Рэнэ ван дэр Ліндэн выконваць рашэнні Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы? 15:13, 18/01/2007
У Менску ван дэр Ліндэн плануе сустрэцца з старшынёй “палаты прадстаўнікоў” “нацыянальнага сходу” Уладзімірам Канаплёвым, старшынёй “савета рэспублікі” “нацыянальнага сходу” Генадзем Навіцкім, міністрам замежных спраў Сяргеем Мартынавым. У 2004 годзе старшыня падкамітэта па правах чалавека ПАРЕ Хрыстос Пургурыдас прадставіў Асамблее справаздачу “Зніклыя людзі”, у якой зрабіў выснову, што ўлады Беларусі ўтойваюць праўду пра знікненні ў Беларусі экс-міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Захаранкі, віцэ-спікера Вярхоўнага Савета 13 склікання Віктара Ганчара, бізнэсмэна і грамадскага дзеяча Анатоля Красоўскага і журналіста Змітра Завадскага. У справаздачы спецдакладчыка ПАРЕ сцвярджалася, што “факты дазваляюць падазраваць шэраг вышэйшых кіраўнікоў дзяржавы ў асабістым дачыненні да гэтых знікненняў”. У дачыненні да выкраданняў і забойстваў апазіцыянераў падазраюцца сакратар савета бяспекі (у 2004 г. ён займаў пост генеральнага пракурора) Віктар Шэйман, міністр унутраных спраў Беларусі Уладзімір Навумаў, камандзір спецназа ўнутраных войскаў Дзмітрый Паўлічэнка, экс-міністр унутраных спраў Юры Сівакоў. На падставе дакладу Хрыстоса Пургурыдаса ў 2004 годзе Парламенцкая асамблея Рады Еўропы прыняла рэзалюцыю па Беларусі № 1371 “Аб зніклых без весткі ў Беларусі”, у якой запатрабавала ад выканаўчай улады Беларусі: 1. Правесці сапраўды незалежнае расследванне знікненняў кампетэнтнымі дзяржаўнымі органамі пасля звальнення цяперашняга генеральнага пракурора спадара Шэймана (яму ставіцца ў віну тое, што на сваёй папярэдняй працы ён асабіста арганізоўваў гэтыя знікненні) і даць падрабязную інфармацыю пра ход і вынікі гэтага расследавання сваякам зніклых без весткі. Рада Еўропы гатова садзейнічаць у правядзенні такога расследавання. 2. Пачаць крымінальнае расследаванне з мэтай высвятлення і, у залежнасці ад абставінаў, пакарання: а) магчымага дачынення дзейнага генеральнага пракурора спадара Шэймана, дзейнага міністра спорту (раней міністра ўнутраных спраў) спадара Сівакова і вышэйшага супрацоўніка спецслужбаў спадара Паўлічэнкі да згаданых знікненняў, і b) магчымага злачыннага стварэння перашкодаў у адпраўленні правасуддзя з боку іншых вышэйшых службовых асоб, якія ўдзельнічалі ў правядзенні папярэдніх расследаванняў, фальсіфікавалі і хавалі наяўныя ў іх распараджэнні доказы або замоўчвалі іх у мэтах утойвання праўдзівых віноўцаў злачынстваў. У рэзалюцыі Асамблея прапанавала “нацыянальнаму сходу” стварыць парламенцкую камісію па расследаванні знікненняў лідэраў апазіцыі і журналістаў і даць ёй у распараджэнне неабходны следчы апарат. ПАРЕ заклікала “парламент” Беларусі пачаць неабходныя дзеянні ў дачыненні выканаўчай улады, каб забяспечыць выкананне патрабаванняў ПАРЕ пра звальненне шэрагу вышэйшых службовых асоб, што абвінавачваюцца ў дадзеных знікненнях. “Пакуль не будзе дасягнута істотнага прагрэсу ў выкананні патрабаванняў… Асамблея не лічыць мэтазгодным пераглядаць рашэнне Бюро ад 13 студзеня 1997 г. аб спыненні статусу спецыяльна запрошанага для парламента Беларусі. Датуль, пакуль не будзе дасягнута істотнага прагрэсу ў дачыненні выканання патрабаванняў… Асамблея не дапускае прысутнасці, нават на нефармальным узроўні, беларускіх парламентароў на яе сесіях”, – падагульніла ПАРЕ. 13 красавіка 2006 года ПАРЕ прыняла рэзалюцыю № 1496 “Аб сітуацыі ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 сакавіка 2006 года”. У ёй Асамблея заклікае ўлады Беларусі: -- неадкладна вызваліць усіх асоб, затрыманых у сувязі з сакавіцкімі прэзідэнцкімі выбарамі; -- раскрыць інфармацыю аб затрыманых асобах, а таксама аб асобах, якім была аказаная медыцынская дапамога пасля разгону мірных дэманстрацый; -- правесці адкрытае расследаванне прымянення паліцыяй і службамі бяспекі неабгрунтаваных сілавых метадаў супраць мірных дэманстрантаў; -- устрымацца ад далейшых пагроз, пераследаў і ганенняў у дачыненні ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту і прыхільнікаў апазіцыі, у тым ліку звальненне з працы, адмова ў аднаўленні працоўных кантрактаў або выключэнне з вышэйшых навучальных устаноў; -- пачаць адкрыты дыялог з адпаведнымі міжнароднымі арганізацыямі, у тым ліку з Еўрапейскай камісіяй за дэмакратыю праз права (Венецыянскую камісію) для таго, каб задаўга да правядзення наступных выбараў занесці змены ў Кодэкс законаў аб выбарах у Беларусі з тым, каб ён адпавядаў стандартам Рады Еўропы, і прыняць меры ў дачыненні ганебнай практыкі выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу пры правядзенні выбараў; -- пагадзіцца з патрабаваннем апазіцыі правесці паўторныя прэзідэнцкія выбары і забяспечыць усе ўмовы для таго, каб гэтыя выбары былі свабоднымі, справядлівымі, адказвалі міжнародным стандартам. У гэтай рэзалюцыі ПАРЕ растлумачыла, што “калі беларускія ўлады дадуць ясны і пераканаўчы сігнал пра сваю гатоўнасць наблізіцца да стандартаў Рады Еўропы ў галіне дэмакратыі, вяршэнства закона і правоў чалавека, Асамблея зноў адкрые адпаведныя каналы сувязі”. Як бачым, ніводнае з патрабаванняў Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы не выкананае, а Рэнэ ван дэр Ліндэн прыязджае ў Беларусь і сустракацца з кіраўніцтвам нелегітымнага “парламента”, які так і не стварыў камісію па расследванні знікненняў і не патрабаваў звальнення Шэймана, Навумава, Сівакова і Паўлічэнкі. Ці можа ван дэр Ліндэн усё-такі збіраецца абмеркаваць з адданымі службоўцамі Лукашэнкі – Канаплёвым, Навіцкім і Мартынавым – той факт, што сакратар Савета бяспекі, кіраўнік МУС, экс-міністр і камандзір спецназа маглі мець дачыненне да знікненняў і забойстваў лідэраў апазіцыі? Можа кіраўнік ПАРЕ скажа, што падазраваных даўно пара выклікаць на допыт і падрабязна распытаць, што яны рабілі 16 траўня 1999 года, калі выкрадалі Захаранку; 16 верасня 1999 года, калі зніклі Ганчар і Красоўскі; 7 ліпеня 2000 года, калі бясследна знік Завадскі? Калі ён не збіраецца паднімаць гэтыя тэмы падчас сустрэчы з дзяржслужбоўцамі, тады ўзнікае заканамернае пытанне: у якасці каго і навошта ван дэр Ліндэн прыехаў у Беларусь? ![]() ![]() ![]()
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|