Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Акцыі пратэсту прайшлі ў некалькіх гарадах Менскай вобласьці 11:20, 22/01/2007
Цэлы ўзвод салігорскай міліцыі быў мабілізаваны 20 студзеня на затрыманьне мясцовых актывістаў “Маладога Фронту”, якія плянавалі правесьці ў гэты дзень некалькі акцыяў салідарнасьці з лідэрам “Маладога Фронту”, палітвязьнем Зьмітром Дашкевічам. Негледзячы на гэта “маладафронтаўцы” вывесілі расьцяжку "Свабоду Дашкевічу!" на цэнтральнай плошчы Салігорску, а такасама правялі пікет і раздачу ўлётак у Слуцку.
З самага ранку у Салігорску былі затрыманыя шасьцёра “маладафронтаўцаў”, якія накіроўваліся ў Старыя Дарогі, Слуцк і Старобін з раздатачнымі матэрыяламі для правядзеньня акцый салідарнасьці зь лідэрам “Маладога Фронту” Зьмітром Дашкевіча. Хлопцы былі літаральна атачоныя дзясяткамі міліцыянтаў, узьнятымі па трывозе крымінальным вышукам.
Праз гадзіну пасьля гэтага на гарадзкім кірмашы пры спробе вывесіць расьцяжку з патрабаваньнем вызваліць палітзьняволенага лідэра “Маладога Фронту” былі схопленыя моладзевыя актывісты Андрэй Тычына і Ільля Шыла. У хлапцоў была канфіскаваная расьцяжка і інфармацыйныя улёткі.
Акрамя Салігорску, 20 студзеня маладафронтаўцы правялі ў цэнтры Слуцку пікет і раздачу ўлётак з інфармацыяй аб існаваньні ў Беларусі палітычных вязьняў і крымінальных справах, заведзеных супраць лідэраў “Маладога Фронту”.
Негледзячы на беспрэцэдэнтныя дзеяньні міліцыянтаў, апоўдні на плошчы Леніна перад салігорскім гарвыканкамам усё ж зьявіўся транспарант з надпісам "Свабоду Дашкевічу!". Падчас акцыі міліцынты затрымалі “маладафронтаўцаў” Івана Шылу і Зьмітра Карнова. На хлапцоў былі складзеныя пратаколы паводле 156 артыкулу Адміністрацыйнага кодэксу, пасьля чаго непаўнагадовага Івана вызвалілі пад падпіску бацькоў, а Зьміцер Карноў быў накіраваны у ізалятар часовага ўтрыманьня, дзе яго хутчэй за ўсё пратрымаюць да суду ў панядзелак.