Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Памёр вядомы публіцыст Алесь Гаўрон 09:52, 23/01/2007
17 студзеня ня стала вядомага беларускага публіцыста Алеся Гаўрона. Яму ішоў 55-ты год.
Алесь Гаўрон нарадзіўся 19 лютага 1952 году ў мястэчку Глуск на Магілёўшчыне. Пасьля заканчэньня дзесяцігодкі паступіў на фізычны факультэт Белдзяржунівэрсытэту, а праз два гады стаў студэнтам журфаку.
Шмат розных выданьняў засталіся ў ягонай творчай біяграфіі. Апошнім быў тыднёвік “Літаратура і мастацтва”.
“Ён пісаў добрую публіцыстыку і эсэістыку, і нават вершы друкаваў у свой час у “Полымі”, але ня выдаў ні аднаго зборніка. Рыхтаваў да 50-годзьдзя так самапальна ў “ЛіМе” тут — помню, выдалі яны зь Пятровічам і Шніпам у адным экзэмпляры, а пасьля ён усё перапытваў: маўляў, добрыя вершы, нядобрыя… Нешта ўсё сумняваўся, хаця вершы такія даволі прыстойныя”, -- паведаміў у інтэрв’ю “Радыё Свабода” калега Алеся Гаўрона па “ЛіМе” паэт Леанід Галубовіч.
Шмат гадоў Алесь Гаўрон быў загадчыкам аддзелу нарысу і публіцыстыкі часопісу “Маладосць”.
“Ён мяне ўражваў глыбокай эрудыцыяй. Ад яго, маладзейшага, я шмат чуў нейкіх такіх рэчаў, якія ў курсе гісторыі Беларусі, якую нам чытаў Абэцэдарскі, не вывучаліся. Верылася, што ён будзе па-ранейшаму пісаць паэзію, і будзе далей гучаць яго публіцыстычнае слова зь яго вельмі добрым веданьнем беларускай мовы, з уменьнем карыстацца дэталямі, удалымі цытатамі. Ну і галоўнае, што ў яго было сваё мысьленьне”, -- сказаў “Свабодзе” былы галоўны рэдактар часопісу Генрых Далідовіча.
Пахаваны Алесь Гаўрон у вёсцы Калодзішчы Менскага раёну.