Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Генерал Казлоўскі: «У мой час усе візіты здзяйсняліся адкрыта» 16:48, 23/01/2007
У Міністэрстве абароны Беларусі па-ранейшаму не паведамляюць пра падрабязнасці візіту міністра абароны Беларусі Леаніда Мальцава ў Іран і катэгарычна адмаўляюцца каментаваць падпісаны ўчора ў Тэгеране беларуска-іранскі мемарандум аб супрацоўніцтве ў вайсковай сферы. Падчас каментару прэс-цэнтру Хартыі’97 дадзенай сітуацыі, першы міністр абароны незалежнай Беларусі генерал Павел Казлоўскі адзначае, што ў час, калі ён быў міністрам абароны (1992 – 1994 гады), у Беларусі ўсе візіты міністра і яго падначаленых у замежныя краіны здзяйсняліся цалкам адкрыта і інфармацыя пра іх аператыўна перадавалася ў сродкі масавай інфармацыі.
“Цалкам незразумелая сітуацыя. Што яны ўтойваюць? Магчыма, калі Мальцаў вернецца, яго візіт пададуць пампезна. Але ў мой час нічога такога не было. Усё было адкрыта. Усе візіты рабіліся адкрыта, журналістам усё паведамлялася. Цяпер шмат што ўтойваецца – час такі”, – адзначыў Павел Казлоўскі.
Экс-кіраўнік Мінабароны Беларусі зазначае, што не валодае інфармацыяй пра візіт Мальцава ў Іран, аднак не выключае, што ў Тэгеране могуць быць заключаныя пагадненні аб тэхнічнай дапамозе Ірану. “Беларусы маглі б абслугоўваць зенітна-ракетныя комплексы, пастаўляныя Расеяй, а таксама даваць тэхнічную дапамогу ў рамонце старой вайсковай тэхнікі”, – лічыць экс-міністр.
Нагадаем, што беларускі бок не апублікаваў ніводнага афіцыйнага паведамлення пра двухдзённы візіт у Іран вайсковай дэлегацыі на чале з міністрам абароны Леанідам Мальцавым, яго сустрэчы з іранскім калегам Мустафой Махамедам Наджарам і прэзідэнтам Махмудам Ахмадзінежадам.
Па дадзеных замежных інфармацыйных крыніц, падпісаны мемарандум прадугледжвае абмен дэлегацыямі экспертаў, ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва, супрацоўніцтва ў галіне падрыхтоўкі кадраў, а таксама працяг дыялогу і кансультацый на ўзроўні экспертаў і міністраў абароны дзвюх краін.