Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Судзьдзя ўцёк з суду над праваабаронцам 10:14, 24/01/2007
23 студзеня, у трэці дзень разгляду справы сябра Беларускага Гельсынскага камітэту Паўла Левінава судзьдзя Натальля Карабліна аб’явіла 20-хвілінны перапынак ды ў залю Першамайскага суду больш не зьявілася, перадае “Радыё Рацыя”.
Адседзеўшы яшчэ з паўгадзіны, удзельнікі адкрытага паседжаньня пачалі шукаць прадстаўніцу беларускай Фэміды, якая схавалася ў кабінэце старшыні суду Бясьсьмертнага. Памочніца старшыні Алена Цыганкова загадала прысутным пакінуць памяшканьне. Гэта выклікала вялікае абурэньне прысутных, якія хацелі дачакацца выраку. Тады памочніца выклікала міліцэйскі нарад, але ўдзельнікаў людзі з аўтаматамі не напалохалі.
На патрабаваньне выдаць кнігу заўвагаў і прапановаў прагучала катэгарычная адмова — маўляў, праца суду ўжо завершылася. Пачалі складаць калектыўную скаргу на імя старшыні суду і ў міністэрства юстыцыі, якую падпісалі 22 асобы — большасьць з застаўшыхся на той момант удзельнікаў працэсу.
Калі а палове восьмай вечара людзі пакідалі будынак, ахоўваць яго сабралася багата міліцыянтаў і нават невядомыя асобы ў цывільным. Пастанову пра штраф памерам 62 тысячы рублёў судзьдзя прачытала Левінаву без сьведкаў ва ўласным кабінэце.
Нагадаем, што праваабаронцу затрымалі за налепкі, якія заклікалі да байкоту выбараў. Але гэтыя налепкі не супярэчаць дзейнаму заканадаўству, таму яго абвінавацілі ў лаянцы. Гэткае абвінавачаньне сталася падставай для ўтрыманьня арганізатара незалежнага назіраньня ў горадзе на працягу асноўнага дня галасаваньня ў ізалятары. Сам Левінаў назваў судовы працэс палітычным.