Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Прэзідэнт, спікер і прэм’ер Украіны дасягнулі кампрамісу па законе аб Кабінеце міністраў 14:27, 24/01/2007
Прэзідэнт, старшыня парламента і прэм’ер Украіны дамовіліся ўрэгуляваць канфлікт вакол скандальнага закону аб Кабінеце міністраў. Пра гэта ў сераду паведаміў кіраўнік урада Віктар Януковіч на паседжанні Кабінета міністраў.
Па словах Януковіча, напярэдадні ў яго адбылася гутарка “і з прэзідэнтам Украіны – ён вярнуўся (з Швейцарыі) і знаходзіцца на Украіне – і з старшынёй Вярхоўнай Рады Аляксандрам Марозам”. “Мы лічым, што мы знойдзем у гэтым працэсе адказы на тыя пытанні, якія выклікалі спрэчкі”, – сказаў Януковіч. На яго думку, папраўкі прэзідэнта неабходна разглядаць і ўносіць зыходзячы з таго, што закон ужо прыняты, паведамляе “Інтэрфакс”.
“Вядома, мы мусім заўсёды шукаць магчымасць, каб ісці насустрач адзін аднаму, але памятаць заўсёды пра адно, што эфектыўнасць улады – гэта галоўная мэта ўдасканалення сістэмы дзяржаўнага ўпраўлення”, – дадаў кіраўнік урада.
Прэм’ер паінфармаў, што закон аб Кабінеце міністраў планавалася апублікаваць на гэтым тыдні. Ён падкрэсліў, што ўрад быў гатовы да дыскусіі вакол гэтага дакумента.
Нагадаем, напярэдадні старшыня Вярхоўнай Рады Украіны Аляксандр Мароз казаў пра намер апублікаваць закон аб Кабінеце міністраў, бо яго не падпісаў прэзідэнт краіны Віктар Юшчанка. “Калі прэзідэнт не падпісвае закон, то я абавязаны яго апублікаваць. Вось і ўсё”, – сказаў Мароз у аўторак у Кіеве.
12 студзеня Вярхоўная Рада Украіны пераадолела вета прэзідэнта на закон аб Кабінеце міністраў, распрацаваны ўрадам. 19 студзеня Юшчанка паўторна ветаваў закон аб Кабінеце міністраў у сувязі з тым, што рэдакцыя закону, якая паступіла яму на подпіс, трохі адрознівалася ад прынятай парламентам. У сваю чаргу старшыня Вярхоўнай Рады паведаміў, што мае намер сустрэцца з Юшчанкам і параіць яму падпісаць закон аб Кабінеце міністраў, аднак калі гэты закон не будзе падпісаны кіраўніком дзяржавы, ён падпіша яго сам. Спікер сцвярджае, што тэкст закону аб Кабінеце міністраў, які пасля пераадолення вета быў накіраваны прэзідэнту, не змяняўся.
Аднак 22 студзеня Мукачэўскі раённы суд забараніў старшыне Вярхоўнай Рады Украіны падпісваць і публікаваць закон аб Кабінеце міністраў, вернуты прэзідэнтам краіны. З адпаведным пазовам у суд звярнуўся сябар фракцыі “Наша Украіна” Ігар Крыль.
Абноўленая Канстытуцыя дазваляе спікеру Вярхоўнай Рады падпісаць закон, па якім было пераадоленае вета, калі гэтага не зробіць у 15-дзённы тэрмін кіраўнік дзяржавы.