Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Камунальнікі не ўкладаюцца ў адведзены ім ліміт росту цэнаў для насельніцтва. Калі раней кіраўніцтва краіны паведамляла, што не дапусціць пераходу тарыфаў ЖКГ за рамкі 5 – 6 даляраў у разліку на двухпакаёвую кватэру, то сёння з вуснаў міністра ЖКГ ужо гучаць лічбы, якія перавышаюць гэта абмежаванне ў два разы.
Мяркуецца, што па выніках года рост тарыфаў ЖКГ не перавысіць 10,8 даляраў у разліку на сярэднюю двухпакаёвую кватэру і сям’ю з трох чалавек, паведаміў 23 студзеня прэзідэнту міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Уладзімір Белахвостаў.
Такім чынам, устаноўкі Аляксандра Лукашэнкі аб недапушчальнасці росту тарыфаў на паслугі ЖКГ для насельніцтва вышэй за 5–6 даляраў у год хопіць толькі на паўгода ў лепшым выпадку.
Прэм’ер-міністр Сяргей Сідорскі, са свайго боку, даклаў кіраўніку дзяржавы: на падтрымку жыллёва-камунальнага сектара трэба знайсці ў бюджэце 629 млрд. рублёў. “У сувязі з гэтым урад занёс прапанову скараціць на 2% выдаткі бюджэтаў у галінах на ўтрыманне, рамонт і будаўніцтва, а таксама ў цэлым выдаткі рэспубліканскага бюджэту на 5%. Зэканомленыя сродкі могуць быць накіраваныя ў прыярытэтныя галіны эканомікі краіны, у тым ліку на праграмы энергазахавання”, – гаворыцца ў паведамленні прэс-службы прэзідэнта.
Так, у бюджэце 2007 года для малазабяспечаных сем’яў закладзена субсідый у аб’ёме 13,2 млрд. рублёў на пакрыццё паслуг у жыллёва-камунальнай сферы. І гэтыя лічбы не падлягаюць перагляду, дадаў прэм’ер Сідорскі.
Нагадаем, аднак, што яго намеснік Уладзімір Сямашка сцвярджаў: “У насельніцтва ніякага шоку не будзе. Мы разумеем, што сярэдняя зарплата па краіне 300 даляраў, але ёсць людзі, якія атрымоўваюць і менш. Таму гадавы рост цэнаў для двухпакаёвай кватэры не перавысіць 5-6 даляраў”.
Пра планавыя змены ў бюджэце ў сувязі з падвышэннем кошту энергарэсурсаў распавёў А.Лукашэнка і міністр фінансаў Мікалай Корбут. Базавыя прынцыпы бюджэтнай палітыкі будуць захаваныя, у тым ліку рашэнні па паніжэнні падатковай нагрузкі, сацыяльная накіраванасць бюджэту, мерапрыемствы па рэканструкцыі прадпрыемстваў і стварэнню новых вытворчасцяў, сказаў міністр.
Пры гэтым прыбытковая частка бюджэту, як плануецца, узрасце на 0,9 трлн. рублёў, расходная – на 1,3 трлн. рублёў. Асобныя расходныя артыкулы бюджэту могуць пацярпець змены, аднак фінансаванне заработнай платы, стыпендый, пенсій і медыцыны будзе прыярытэтным, адзначыў кіраўнік Мінфіна.