Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Расея шантажыруе Беларусь закрыццём мяжы 09:48, 25/01/2007
Нафтагазавая вайна паміж Расеяй і Беларуссю, што разгарэлася ў канцы мінулага года, учора ўпершыню афіцыйна выйшла за рамкі гаспадарча-эканамічнага канфлікту, піша сёння расейская газета “Время новостей”. У высвятленне стасункаў паміж сябрамі “саюзнай дзяржавы” умяшаліся сілавыя службы. Такія, як намеснік дырэктара ФСБ – кіраўнік памежнай службы ФСБ РФ Уладзімір Пронічаў. Учора на Савеце Федэрацыі ён нечакана звярнуў увагу сенатараў на празрыстасць расейска-беларускай мяжы, назваўшы яе “дзірой”, праз якую ў нашу краіну могуць пранікаць тэрарысты.
Ніякіх думак наконт таго, як гэтую “дзіру” можна “заткнуць”, спадар Пронічаў выказваць не стаў, ён таксама ні слова не сказаў пра нафтагазавую вайну або пра іншыя супярэчнасці у стасунках паміж дзвюма краінамі. Аднак сэнс яго слоў і так быў відавочны – “саюзніцкія” стасункі з Беларуссю для Расеі пачынаюць быць небяспечнымі, прычым не толькі ў эканамічным, але і ў агульнадзяржаўным сэнсе. Што ставіць пытанне аб мэтазгоднасці далейшага існавання саюзнай дзяржавы нават у цяперашнім “недаробленым” выглядзе. Бо агульная мытная прастора і адсутнасць ахоўнай мяжы паміж Расеяй і Беларуссю дагэтуль заставаліся аднымі з нешматлікіх рэалізаваных мераў па аб’яднанні дзвюх краін у рамках саюза.
Навіну з нагоды небяспекі адкрытай мяжы з Беларуссю спадар Пронічаў паведаміў падчас выступу ў Савеце Федэрацыі ў рамках урадавай гадзіны, прысвечанай памежнай бяспекі Расеі. Намеснік дырэктара ФСБ пры гэтым адзначыў шэраг праблем – актыўнасць браканьераў на Каспійскім моры і на Далёкім Усходзе, адток насельніцтва з памежных зон і г.д. Але судзячы па тоне спадара Пронічава, менавіта становішча спраў на мяжы з Беларуссю на дадзены момант стала найбольш трывожным. “Ва ўмовах празрыстасці расейска-беларускага ўчастка мяжы, які практычна не ахоўваецца, з’явілася “дзіра”, праз якую грамадзяне трэціх краін могуць пазапраўна ўязджаць на тэрыторыю Расеі з Беларусі, – паведаміў сенатарам спадар Пронічаў. – Расейскія памежнікі ў апошні час спынілі дзесяткі спроб пазапраўнага ўезду з тэрыторыі Беларусі ў Расею грамадзянаў Грузіі. Мы не выключаем, што гэтым каналам могуць скарыстацца і сябры тэрарыстычных арганізацый і трансмежнай злачыннасці”. Пры гэтым кіраўнік ФПС падкрэсліў, што Беларусь падтрымлівае бязвізавы рэжым з дзяржавамі, з якімі ў Расеі ўсталяваны візавы рэжым (сярод такіх , напрыклад, і Грузія).
Нагадаем, што першы крок на шляху збліжэння Расеі і Беларусі быў зроблены ў студзені 1995 года, калі прэзідэнты дзвюх краін падпісалі пагадненне аб стварэнні Мытнага саюза. У тым самым годзе Аляксандр Лукашэнка і тагачасны прэм’ер Расеі Віктар Чарнамырдзін урачыста выкапалі памежны слуп. У красавіку 1996 года была падпісаная дамова аб стварэнні супольнасці Расеі і Беларусі, а ў 1999 годзе – аб стварэнні саюзнай дзяржавы і адпаведная праграма па яе рэалізацыі. Дарэчы, у рамках гэтай праграмы кіраўнікі ФПС Расеі і дзяржкамітэта памежных войскаў Беларусі пазней рэгулярна выдавалі сумесныя дырэктывы аб ахове мяжы беларуска-расейскай саюзнай дзяржавы.
У Менску выказванні Уладзіміра Пронічава ўспрынялі як чарговы ход Масквы ў двухбаковым канфлікце, які гэтым разам быў зроблены не ў эканамічнай, а ў палітычнай сферы.
Беларускі незалежны сацыёлаг Алег Манаеў у інтэрв’ю “Времени новостей” сказаў, што заява пра перспектывы аднаўлення кантролю на сумеснай мяжы з’яўляецца жорсткім ходам па дачыненні да Менска: “Звыш паловы беларусаў хоць раз ездзілі ў Расею, пры тым што ва Украіне бываў кожны трэці, а ў Польшчы – кожны чацвёрты жыхар краіны”.
Адна з прычын такой папулярнасці Расеі – адсутнасць праблем на мяжы. Увядзенне кантролю можа стварыць шум у электараце”, – лічыць спадар Манаеў. У той самы час ён не ўпэўнены, што пагроза аднаўлення мяжы будзе выкананая. “Сёння можна казаць пра ўзаемныя прэтэнзіі і запалохванні. Пакуль не відавочна, што працэс пойдзе далей размахвання рукамі”,– адзначыў Манаеў. Такога меркавання прытрымліваецца і лідэр беларускай Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька: “Зацішша на беларуска-расейскім фронце было часовым, а зараз адбыўся новы наступ у галіне інфармацыі: кожны дзень хтосьці нешта заяўляе, і гэта павінна паўплываць на апанента. Беларускаму кіраўніцтву намякнулі, што калі яно захоча спаганяць арэндную плату за зямлю пад трубаправодамі, Масква можа ўвесці элементы памежнага кантролю, які адчуюць грамадзяне абедзвюх краін”.
Варта адзначыць, што расейскія палітыкі таксама асцярожна ацанілі высновы спадара Пронічава. Так, сябар камітэта Дзярждумы па бяспецы Генадзь Гудкоў сказаў, што разумее занепакоенасць кіраўніка ФПС, але не згодны, што паміж межамі дзвюх краін “з’явілася дзіра”. “Паміж Расеяй і Беларуссю існуе дамова, па якой няма ні межаў, ні візавага рэжыму, – нагадаў спадар Гудкоў. – Але калі цяпер ўвядзіцца афіцыйная мяжа, то ў шмат каго з грамадзянаў як нашай краіны, так і Беларусі ўзнікнуць вялізныя праблемы. Зразумела, што ёсць нейкія геапалітычныя мэты і задачы, але мне падаецца, што такая мера наўрад ці палепшыць адносіны паміж Расеяй і Беларуссю. І ужо канчаткова паставіць крыж на магчымасці аб’яднальнага працэсу. Хоць, вядома, Лукашэнка сам ставіць на ім крыж вельмі ўпэўнена. Я думаю, што нам трэба не бар’еры ўсталёўваць, а арыентавацца на тыя здаровыя сілы ў Беларусі, якія рэальна выступаюць за саюз паміж дзвюма краінамі”.