Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Адміністрацыя спэцкамэндатуры ў вёсцы Блонь, дзе лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікола Статкевіч адбывае пакараньне за арганізацыю вулічных дэманстрацый пратэсту, паведаміла палітвязьню, што ён пазбаўляецца магчымасьці зьяжджаць на выходныя. Між тым, перадае “Радыё Свабода”, на іншых асоб, якія адбываюць пакараньне ў гэтай спэцкамэндатуры, забарона не распаўсюджваецца.
Мікола Статкевіч адзначыў: менавіта сёньня, калі споўнілася чатыры месяцы, як яго не адпускаюць на выходныя, кіраўнік спэцкамэндатуры паведаміў, што тэрмін забароны падоўжаны. Палітвязень абураецца: раней яму абяцалі, што дадуць магчымасьць наведаць анкалягічна хворага 80-гадовага бацьку ў Баранавічах пасьля выбараў. Пра паездкі ж у Менск размова наагул не вялася.
“Кіраўніцтва камэндатуры паведамляе, што яны ня могуць мяне адпусьціць. Бо забараняе ім гэта зрабіць менскае кіраўніцтва, а дакладней -- КДБ. Я ведаю: калі сытуацыя ў краіне зьменіцца, то прозьвішчы людзей, якія так зьдзекаваліся з маёй сям’і, будуць вядомыя. Прыгадваю ГКЧП: як тады прадстаўнікі сілавых структур (а гэта канкурэнтны асяродак) пабеглі “закладаць” сваіх калег, каб зрабіць кар’еру на зьняволеных. Расказвалі, хто дзе працаваў супраць дэмакратыі. Дык, вось! Прозьвішчы гэтых людзей будуць вядомыя”, -- паведаміў Статкевіч “Радыё Свабода”.
Спадар Статкевіч паўтара гады адбывае пакараньне на “хіміі” за арганізацыю вулічных дэманстрацый пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму 2004. Спачатку палітвязень адбываў пакараньне ў Баранавічах, дзе жыве ягоны бацька. У верасьні Міколу Статкевіча перавялі ў вёску Блонь Пухавіцкага раёну. За ўвесь час вязьню далі два тыдні адпачынку, дазволіўшы правесьці іх дома ў Менску. На выходныя апазыцыянэра ў Менск ніколі не адпускалі.