Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
За наўмыснае пазапраўнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы суд Кастрычніцкага раёна Менска 25 студзеня аштрафаваў лідэра аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі Аляксандра Мілінкевіча на 150 базавых велічынь – 4 млн. 650 тыс. рублёў (2.173 даляры ў пераліку на афіцыйны курс).
Як паведаміў БелаПАН прэс-сакратар палітыка Павал Мажэйка, суд адбыўся без удзелу А.Мілінкевіча, які знаходзіцца ў камандзіроўцы ў Вільні. Паводле прэс-сакратара, А.Мілінкевіч не атрымоўваў позву ў суд.
Першае паседжанне суду па гэтай справе адбылося 5 студзеня. Тады складзены ў дачыненні А.Мілінкевіча пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні ў Нацыянальным аэрапорце “Менск” быў адпраўлены на дапрацоўку.
26–29 лістапада 2006 года А.Мілінкевіч знаходзіўся з візітам у Рызе, дзе браў удзел у саміце НАТО. Падчас вылету з Менска памежнікі памылкова паставілі выязны штамп у пашпарт сына палітыка, якога таксама клічуць Аляксандрам. Памылка была заўважаная толькі тады, калі палітык вяртаўся. Памежнікі абвінавацілі А.Мілінкевіча ў наўмысным перасячэнні мяжы па падробленых дакументах.
Па словах П.Можейкі, палітык будзе абскарджваць рашэнне раённага суду.
Артыкул 184-3 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (пазапраўнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь) прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу да 300 базавых велічынь (цяпер гэта 9,3 млн. рублёў, або 4,35 тыс. даляраў) або выпраўленчыя працы на тэрмін да двух месяцаў з утрыманнем 20% заробку.