Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларускі кіраўнік гатовы ўдарыць Пуціна па «адчувальных» месцах 15:36, 26/01/2007
На цырымоніі ўручэння дыпломаў доктара навук і атэстатаў прафесара навуковым супрацоўнікам краіны Аляксандр Лукашэнка заявіў, што кіраўніцтва Расеі працягвае націскаць на яго. “Не нытьем, так катаньем” яны намёртва хочуць прышпіліць нас да сабе, і каб я яшчэ ездзіў у Крэмль за грашыма для сваіх людзей”, – сказаў А.Лукашэнка. “Мы на гэта пайсці не можам”, – падкрэсліў ён.
Лукашэнка адзначыў, што “нам выкочвалі заўсёды тое, што для нас было непрымальнае”. “І калі ўбачылі, што нас зламаць складана, то тады пачалі ламаць, прапаноўваючы ўвайсці ў Расею. Мы ніколі ўнутр іншай дзяржавы не ўвойдзем”, – адзначыў ён.
Акрамя таго, ён дадаў: “Калі нас душылі паціху, мы трывалі. Але тады нам пятлю на шыю накінулі, калі спачатку ў 2 разы паднялі цэны на газ, праз 1,5 гады яшчэ іх падвысілі ў 2 разы і прапанавалі купляць нафту па той цане, па якой яна нам не патрэбная”. “Усё было пастаўлена на тое, каб упэўніць расейцаў у тым, што галоўны разбуральнік саюзных стасункаў – беларускі бок і Лукашэнка”, – заявіў беларускі кіраўнік.
Сёння, па яго словах, на міжнародным форуме ў Давосе расейскі бок кажа, што “ва ўсім вінаваты Лукашэнка, яны там сабраліся і спяваюць адну песню”. “Вядома, яны доўга не маглі цярпець Лукашэнку, і як толькі яны ўзмацніліся цэнамі на нафту і газ, то адразу пачалі гэтую атаку”, – адзначыў Лукашэнка.
Неўзабаве я дакажу на фактах, што беларускі народ ні ў чым не правініўся перад Расеяй, і мы свята выконваем дамоўленасці, у адрозненні ад брацкай Расеі”, – паведаміў А.Лукашэнка. Ён падкрэсліў: “Мы абсалютна нікому нічога не абавязаныя. Мы абсалютна празрыстыя, і дзяўбаць нас не трэба”.
Між іншым, А.Лукашэнка папярэдзіў, што “калі нас яшчэ раз паспрабуюць стукнуць па адчувальных месцах, уводзячы разнастайныя пошліны на нашы трактары, халадзільнікі і гэтак далей, то мы таксама ведаем гэтыя адчувальныя месцы і ведаем, дзе стукнуць”.
Беларусь дагэтуль не заключыла кантракты на пастаўку нафты ў лютым гэтага года з той прычыны, што расейскі бок прапаноўвае сусветныя цэны, адзначыў Лукашэнка.
“На люты кантракт на нафту не падпісаны, бо расейскія алігархі, якіх пакрывае кіраўніцтва Расеі, патрабуюць, каб мы куплялі нафту па цане вышэйшай за сусветную. Гэта нікуды не ідзе, і такога ў свеце нідзе няма”, – паведаміў Лукашэнка.
“Таму дэлегацыі, якая вядзе сёння перамовы, я даў пэўныя ўказанні: тыя кампаніі, што будуць прапаноўваць такія кантракты па такіх цэнах, тут пры прапампоўцы нафты ў Еўропу будуць абкладацца дадатковай пошлінай, каб мы маглі кампенсаваць свае страты”.