Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
«Время новостей»: Менск павярнуўся тварам да Захаду 10:01, 26/01/2007
Аляксандр Лукашэнка ўзяў курс на Захад, пра што заявіў у інтэрв’ю нямецкай газеце “Вельт”. Пры гэтым ён не схаваў, што змена вектара ў палітыцы абумоўленая яго нядаўняй нафтагазавай спрэчкай з Масквой, піша расейская газета “Время новостей”. “Энергетычны канфлікт з Расеяй якраз і паказаў, наколькі нам патрэбныя інвестары з Еўропы і ЗША. Калі б заходнія энергетычныя канцэрны мелі долю ў беларускіх энергатранспартных сістэмах, Расея не была б у дачыненні да нас такой жорсткай”, – сказаў спадар Лукашэнка.
Незалежны беларускі эканаміст Яраслаў Раманчук сумняваецца, што заходніх бізнэсмэнаў зацікавіць гэтая прапанова: “Першае пытанне, якое ўзнікне ў кожнага інвестара, будзе па гарантыях правоў уласнасці, а з гэтым у Беларусі праблемы”. Суразмоўца “Времени новостей” лічыць: “Усё гэта сказана, каб насаліць Расеі, паказаць сур’ёзнасць намеру пайсці на Захад. Але на Захад з такімі прапановамі не ходзяць. Туды ходзяць з пэўнымі праграмамі, у дадзеным выпадку – з праграмай структурных рэформаў”.
Сваю надзейнасць як партнёра Захаду спадар Лукашэнка праілюстраваў ужо апрабаваным у стасунках з Расеяй тэзісам: “Беларусь дапамагае Еўразвязу абараняць яго ўсходнія межы. Мы ловім вялікую частку нелегальных мігрантаў і крымінальнікаў, якія накіроўваюцца ў ЕЗ з усходу, і вяртаем іх туды, адкуль яны прыбылі”. Па яго словах, Беларусь “для Еўропы свайго роду ахоўны вал”.
Адначасова Лукашэнка даў зразумець, што Брусэлю выгодней сябраваць з Менскам, чым пасварыцца з ім. Ён панаракаў на рашэнне ЕЗ аб выключэнні Беларусі з генеральнай сістэмы прэферэнцый, якое ўступіць у сілу праз пяць месяцаў. Прэзідэнт ацаніў магчымыя страты Менска ў 300 млн. дал. і паабяцаў: “Мы будзем кампенсаваць іх падвышэннем транспартных тарыфаў на еўрапейскія транзітныя грузы, якія паступаюць у Расею праз нашу тэрыторыю. На гэтых новых пошлінах мы зарабілі б да мільярда даляраў, аднак я не хачу новага канфлікту з ЕЗ”.
У гутарцы з “Вельт” Лукашэнка недвухсэнсоўна асудзіў ідэю валютнага саюза з Расеяй як пагрозу суверэнітэту Беларусі: “Калі ў Маскве зразумелі, што Лукашэнка не паступіцца незалежнасцю сваёй краіны, яны сталі навязваць нам рубель у якасці агульнай валюты. Мы бачым у гэтым вераломную задуму – адабраць нашу незалежнасць вакольным шляхам. Мы не жадаем атрымоўваць свае зарплаты з Крамля”. Ён растлумачыў, што валютны саюз не мае не толькі палітычных, але і эканамічных перспектыў: “Наш беларускі рубель мацнейшы, чым расейскі, наша інфляцыя ўдвая ніжэйшая, чым у Расеі. Ніхто ў Беларусі мяне б не падтрымаў, калі бы я цяпер здаў нашу валюту”.
Экс-старшыня беларускага Нацбанка Станіслаў Багданкевіч у гутарцы з “ВН” ухваліў намер прэзідэнта захаваць суверэнітэт, аднак ён сумняваецца ў стабільнасці беларускага рубля: “Па фармальных прыкметах інфляцыя ў Беларусі сапраўды ніжэйшая, але беларускі рубель менш стабільны, чым расейскі, бо грунтуецца на больш слабай эканоміцы”. Па яго меркаванні, на беларускай валюце негатыўна адаб’юцца новыя ўмовы энергетычнага супрацоўніцтва з Расеяй: “Значная частка валюты паступала ў краіну ад гандлю нафтапрадуктамі. Я не сцвярджаю, што неўзабаве Беларусь чакае абвал рубля. Але ён магчымы, калі ўрад дапусціць памылку”.