Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларускія службоўцы складаюць спіс прэтэнзій да Расеі 14:33, 26/01/2007
Беларусь фармуе пералік прэтэнзій да Расеі па узаемным гандлю. Дадзены дакумент –сустрэчны па дачыненні да расейскіх партнёраў і распрацоўваецца ў мэтах узаемапрымальнага ўрэгулявання гандлёва-эканамічных пытанняў паміж краінамі. Пра гэта паведаміў намеснік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Еўдачэнка на калегіі Міністэрства прамысловасці.
Ён звярнуўся да дырэктарскага корпуса краіны і папрасіў таваравытворцаў унесці прапановы па практыцы, нормах і прынцыпах падавання прамысловых субсідый, а таксама па забеспячэнні нацыянальнага рэжыму пры здзяйсненні дзяржаўных закупаў.
Нашы прамыслоўцы, калі працуюць на расейскім рынку, сутыкаюцца з выпадкамі падавання расейскім кампаніям-канкурэнтам розных пазапраўных субсідый на федэральным і рэгіянальным узроўні. МЗС Беларусі просіць інфармаваць пра такія факты, а таксама пра ўсялякія іншыя тэхнічныя і адміністрацыйныя бар’еры, што сустракаюцца на шляху прасоўвання беларускай прадукцыі ў Расею. Няроўныя ўмовы ў гандлі ствараюцца таксама шляхам увядзення “нейкіх дадатковых збораў, звязаных з захоўваннем нашых тавараў на складах у Расеі альбо з перавозкай тавараў па суседняй краіне”, адзначыў Андрэй Еўдачэнка.
Намеснік міністра таксама нагадаў, што Беларусь і Расея нядаўна парафіравалі пагадненне па стварэнні роўных умоў для суб’ектаў гаспадарання Беларусі і Расеі. У гэты дакумент увайшоў пералік узаемных прэтэнзій, які бакі доўгі час разглядалі ў рамках камісіі па тарыфным і нетарыфным рэгуляванні пры Савеце Міністраў “саюзнай дзяржавы”.
Шмат у чым гэты спіс фармавалі расейскія прамыслоўцы, прадпрыемствы і кампаніі, а таксама іх шматлікія асацыяцыі і саюзы, якія сёння вельмі актыўна працуюць на расейскім рынку і на знешнеэканамічным кірунку, адзначыў намеснік міністра. Таму беларускі бок таксама мае намер сфармаваць спіс прэтэнзій.
Пры гэтым намеснік міністра замежных спраў падкрэсліў, што паміж Беларуссю і Расеяй “ніякай гандлёвай вайны няма”. “Проста мы дайшлі з нашымі расейскімі партнёрамі да нармальнай сістэмнай працы. І сёння працуем у рэжыме нязменнай перамоўнай пляцоўкі”, – сказаў Андрэй Еўдачэнка.