Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Іран прывітае дасягненні Беларусі ў розных галінах і гатовы да цеснага супрацоўніцтва і абмену досведам. Пра гэта распавёў прэзідэнт Ірана Махмуд Ахмадзінежад падчас сустрэчы ў Тэгеране з міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым, паведамляе іранскае агенцтва IRNA. Пры гэтым ён заклікаў да развіцця беларуска-іранскіх стасункаў, асабліва ў банкаўскай і мытнай галінах. Як паведамляюць інфармацыйныя агенцтвы са спасылкай на міністра замежных спраў Ірана Манучэхра Матакі, дасягнутая дамоўленасць пра тое, што прэзідэнт Ірана у першай палове гэтага года наведае з візітам Беларусь.
Па словах прэзідэнта Ірана, яго краіна прывітае імкненне Беларусі да незалежнасці і прагрэсу. Беларусь і Іран – дзве стратэгічна важных дзяржавы ў свеце, якія павінны развіваць супрацоўніцтва, сказаў Махмуд Ахмадзінежад.
У сваю чаргу, міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў падкрэсліў вялікую ролю Ірана і Беларусі на міжнародным узроўні і дадаў, што Менск выступае за пашырэнне супрацоўніцтва з Тэгеранам у самых розных сферах. Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Беларусі таксама нагадаў пра запрашэнне ад прэзідэнта Беларусі да прэзідэнта Ірана наведаць Менск.
Нагадаем, што на мінулым тыдні з прэзідэнтам Ірана сустрэўся міністр абароны Беларусі Леанід Мальцаў, які таксама наведаў з візітам Тэгеран.