Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Еўразвяз занепакоены ціскам на Беларускі Хельсінкскі камітэт 16:19, 29/01/2007
Заява ўрада Нямеччыны (дзяржава-старшыня ЕЗ) з нагоды ўціскаў Беларускага Хельсінкскага камітэта была распаўсюджаная на паседжанні Пастаяннага савета АБСЕ 26 студзеня. “Еўрапейскі Звяз з вялікім шкадаваннем даведаўся пра тое, што Упраўленне справамі прэзідэнта Беларусі патрабавала ад Беларускага Хельсінкскага камітэта да канца гэтага тыдня вызваліць свой офіс у Менску”, – гаворыцца ў заяве.
“ЕЗ застаецца надзвычай занепакоеным патрабаваннем Міністэрства юстыцыі Беларусі і Вярхоўнага суду Беларусі прыпыніць дзейнасць Беларускага Хельсінкскага камітэта з прычыны ўхілення ад выплаты падаткаў”, – адзначаецца ў заяве. Звяз падкрэслівае, што Камітэт дзейнічае ў рамках праграмы ЕЗ-ТАСІС, якая, “згодна з пагадненнем, падпісаным у 1994 годзе паміж Еўрапейскай Камісіяй і Беларуссю, вызваляецца ад выплаты падаткаў і мытных збораў”.
Дзеянні, накіраваныя супраць Камітэта “могуць прывесці да закрыцця гэтай апошняй праваабарончай няўрадавай арганізацыі, зарэгістраванай у Беларусі”, – падкрэслівае ўрад дзяржавы-старшыні ЕЗ.
Еўрапейскі Звяз “зноў і зноў заклікае ўлады Беларусі неадкладна спыніць уціск незалежнай грамадскай суполкі”. Дадзеныя ўціскі “парушаюць нормы АБСЕ, а таксама іншыя міжнародныя абавязальніцтвы, узятыя Беларуссю”, – падкрэсліваецца ў заяве ўрада Нямеччыны.