Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
«Независимая газета»: Лукашэнка – каталізатар крызісаў для Расеі 14:25, 29/01/2007
Расея на парозе новых крызісаў у стасунках з стратэгічнымі партнёрамі з СНД, каталізатар якіх – Аляксандр Лукашэнка, піша сёння расейская “Независимая газета”. У канцы мінулага тыдня стала вядома, што Менск фармуе новы пералік прэтэнзій да Расеі – ва ўзаемным гандлі. Акрамя таго, Лукашэнка абвясціў пра змену прыярытэтаў і сяброў Менска – з раней любай Расеі на раней нялюбы Захад.
У доказ сур’ёзнасці намераў ён паведаміў (у інтэрв’ю нямецкай Die Welt) пра гатоўнасць увесці ў сваёй краіне еўра (альтэрнатывы расейскаму рублю). Праўда, па інфармацыі прэс-службы кіраўніка беларускай дзяржавы, гэтае выказванне Лукашэнкі немцы ў друкаваны тэкст не ўключылі. Беларускі лідэр таксама выступіў ініцыятарам стварэння фактычна антырасейскага аб’яднання “краін транзіцёраў”, запрасіўшы ў яго Украіну. У аснове ўсіх эмацыйных выбрыкаў Лукашэнкі ў адрас Масквы – пратэст супраць яе газавай і нафтавай палітыкі і незадаволенасць знойдзеным кампрамісам.
Пералік прэтэнзій, які рыхтуе беларускі ўрад, сустрэчны па дачыненні да рашэнняў расейскага і распрацоўваецца з мэтай урэгулявання гандлёва-эканамічных стасункаў, адзначаюць беларускія ўрадавыя эксперты. Пра неабходнасць прыняцця нейкіх контрмераў у Менску пачалі казаць пасля таго, як праваліліся перамовы па пастаўках нафты. “Беларусь кантракты на люты не заключыла, паколькі Расея прапаноўвае нам нафту па цане вышэйшай за сусветную”, – паведаміў Аляксандр Лукашэнка падчас размовы з беларускімі навукоўцамі. “Таму дэлегацыі, якая вядзе сёння перамовы, я даў пэўныя ўказанні: тыя кампаніі, што будуць прапаноўваць такія кантракты па такіх цэнах, тут пры прапампоўцы нафты ў Еўропу будуць абкладацца дадатковай пошлінай, каб мы маглі кампенсаваць свае страты”, – паведаміў Лукашэнка. Прэзідэнт папярэдзіў, што калі Беларусь “яшчэ раз паспрабуюць стукнуць па адчувальных месцах, уводзячы разнастайныя пошліны на нашы трактары, халадзільнікі і гэтак далей”, то Менск гатовы прыняць “адэкватныя меры”.
Беларускі кіраўнік прызнаўся, што праблемы ў стасунках краін-саюзніц былі заўсёды. На яго думку, “усё, ад выпадаў Ельцына ў мой адрас па “шэрэметах” і іншым (у свой час Барыс Ельцын уступіўся за тады яшчэ беларускага журналіста Паўла Шэрэмета) і да сённяшніх дзеянняў нядаўняй саюзніцы, было накіравана на “знішчэнне імкнення беларускага народа і кіраўніцтва Беларусі жыць з Расеяй у Саюзнай дзяржаве”. “Калі ўбачылі, што нас зламаць складана, то тады пачалі ламаць, прапаноўваючы ўвайсці ў Расею”, – падзяліўся сваёй праўдай Лукашэнка. “Нас хацелі “не мытьем так катаньем” прышпіліць да сябе намёртва. Каб я ездзіў у Крэмль і прасіў зарплату для сваіх людзей”, – абураўся кіраўнік дзяржавы.
Аднак Лукашэнка пакінуў “калідор” для адступлення, калі адзначыў: “Я лічу, што і таму і іншаму бакам надышоў час астыць, асэнсаваць тое, што адбываецца, і не нагнятаць сітуацыю”. Тым больш што, па словах Лукашэнкі, палітыка Беларусі заўсёды была шматвектарнай.
Між іншым кіраўнік аналітычнага аддзела кампаніі “Мегатрастойл” Аляксандр Разуваеў не думае, што новыя заявы беларускага прэзідэнта прывядуць у канчатковым выніку да новага раунда супрацьстаяння на нафтавым фронце. “Да слоў Аляксандра Лукашэнкі заўсёды трэба ўводзіць некаторы дысконт – не ўсе яго заявы трэба ўспрымаць сур’ёзна, – сказаў эксперт “НГ”. – Акрамя таго, я не ўпэўнены, што пагаднення па пастаўках у лютым не існуе – расейская дзяржаўная машына адладжаная добра, дакумент можа з’явіцца літаральна ў лічаныя дні, так што спыненне экспарту мы наўрад ці ўбачым. Але гэта можа адбыцца зноў пры адэкватнасці беларускага боку, для якога зрыў паставак можа прывесці да сур’ёзных наступстваў, прычым як эканамічных, так і палітычных”.