|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Лукашэнка ў Давосе ... 12:24, 31/01/2007, Андрэй Саннікаў
Апошні раз кіраўніцтва Беларусі было ў Давосе – страшна згадаць – 12 гадоў таму. Прэм’ер-міністр Міхаіл Чыгір у студзені 1995 года прыехаў на Сусветны эканамічны форум усё яшчэ з надзеяй на магчымасць нармальнага развіцця сваёй краіны. І інтарэс да яго выказваўся як да кіраўніка ўрада дзяржавы, якая магла пайсці па шляху рэформаў. Дастакова сказаць, што ён быў першым прэм’ер-міністрам, з кім сустрэўся Жак Сантэр, які толькі што стаў кіраўніком Еўракамісіі. Тады, у далёкім 1995-м, спадар Сантэр абяцаў памятаць пра гэта і даваць Беларусі адмысловую ўвагу. Добры быў старт. Ён стаў і фінішам. Больш у Давос беларускія ўлады не пускалі. Не пускалі ў Давос і беларускіх бізнэсмэнаў, хоць іх калег з іншых постсавецкіх краін запрашалі ахвотна. Які сэнс размаўляць з бізнэсмэнам, які працуе пры дыктатуры? Ён альбо служыць гэтай дыктатуры, альбо ад яе хаваецца. У любым выпадку, браць на сябе якія-небудзь абавязальніцтвы ён не ў стане. Не настойвала на сваім удзеле ў Форуме і апазіцыя, таму што добра разумела, што не можа быць паўнапраўным партнёрам, бо не мае рэальных рычагоў уплыву на палітыку Лукашэнкі. У беларускіх уладаў адзіны адказ: “Абыйдземся мы без Давоса!”. Вядома, абыйдземся. І без Брусэля, і без Вашынгтона, і без Страсбурга, без Варшавы, Вільні, Прагі, Стакгольма... Вось толькі без Масквы не абыйдземся. І раптам здарылася так, што трэба думаць, як абыходзіцца і без Масквы. Можа, з гэтага трэба было і пачынаць? Не ў тым сэнсе, каб адразу патрабаваць для сябе падвышэння цэнаў на энерганосьбіты, а ў тым, каб не ставіць незалежнасць на кон у сумнеўнай гульне ў адраджэнне СССР. Можа, тады і не апынуліся б з голай трубой на марозе. Навагодняя бойка беларускіх і расейскіх службоўцаў за нафту і газ стала яркай праявай таго “брацкага сяброўства”, якое шмат гадоў упарта навязвалі нам Лукашэнка і Крэмль. Дагэтуль не сціхаюць спрэчкі пра тое, хто ў гэтай бойцы перамог. Мільгацяць лічбы, праводзяцца эканамічныя выкладкі, малююцца схемы трубаправодаў. Аднак чым больш у Маскве і Менску звяртаюцца да арыфметыкі, тым больш пераконваешся, што справа не ва ўзаемаразліках і не ў рынкавых стасунках, і ўжо ніяк не ў “спрэчцы гаспадарчых суб’ектаў”. Насамрэч, ці магчыма паверыць, што Масква і Менск вялі нейкія эканамічныя перамовы, калі нават лічбы кажуць пра адваротнае? Напрыклад, Газпром адзначаў, што цана на газ для Беларусі будзе ўсталяваная ў памерах 230–260 даляраў за тысячу кубоў, а згадзіўся на 100 даляраў, гэта значыць, сам сабе знізіў планку ў 2,5 разы. А ў Менску сцвярджалі, што “Белтрансгаз” каштуе 17 мільярдаў даляраў, але згадзіліся на ацэначны кошт у 5 мільярдаў. Гэта што – нармальныя эканамічныя перамовы з такім гіганцкім ваганнем цэнаў? Лічбы, вядома, важныя. І ёсць розніца, колькі і як плаціць за сыравіну. Але больш важна тут іншае: здарылася так, што не толькі незалежнасць Беларусі не ўваходзіць у разлікі Крамля, але і незалежнасць Лукашэнкі Маскве не да спадобы. Лукашэнка задавальняў Маскву тым, што трымаў Беларусь у нейкім сярэднявечным стане. Палітычная сістэма савецкага ўзору выключала нармальнае развіццё стасункаў з Захадам, адразала эканоміку Беларусі ад узаемавыгаднага ўзаемадзеяння з развітымі краінамі. Сама Масква гэтыя стасункі імкліва развівала. Расея на сёння стварыла трывалую сістэму ўзаемінаў не толькі з Еўразвязам, але і з “страшным” НАТО, і замілоўваецца пры гэтым Беларуссю, якая завязла ў агрэсіўнай антызаходняй рыторыцы, і падтрымлівае гэтую агрэсію. Кожны выпад Лукашэнкі супраць НАТО ці ЕЗ суправаджаўся гучнымі апладысментамі чыноў у пагонах з Расеі. Абуральныя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі стварылі для расейскага МЗС магчымасць узяць на сябе ролю адваката рэжыму Лукашэнкі звонку – у міжнародных арганізацыях і ў двухбаковых стасунках. Масква абараняла рэжым Лукашэнкі і давала Захаду зразумець, што менавіта з ёй трэба весці гутаркі наконт будучыні Беларусі. Калі загнаць краіну ў палітычны і эканамічны тупік, лягчэй прыбраць яе да рук. Мабыць, надышоў час дзейнічаць, і ў Масквы няма сумненняў у хуткай капітуляцыі беларускага рэжыму. З выказванняў Лукашэнкі пасля пачатку нафтагазавага канфлікту можна зразумець, што яму прапанаваная альбо безумоўная палітычная капітуляцыя, гэта значыць, здача незалежнасці Беларусі, альбо непазбежная эканамічная капітуляцыя, што, па сутнасці, адно і тое. Раптоўна абрушылася ўся філасофія рэжыму Лукашэнкі: будуй мадэль моцнай рукі, душы іншадумства і чакай свайго шанцу ў Расеі. Лукашэнка быццам абухом па галаве – больш не гарант своеасаблівай беларускай стабільнасці. Ён больш не гарант стабільнасці і для наменклатуры, і для бізнэсмэнаў. Лепшы таму доказ – разгубленыя твары службоўцаў, якія спрабуюць праз тэлевізар даць хоць нейкія тлумачэнні ці то сітуацыі, ці то сваіх паводзінаў. Задуменная стомленасць на твары Сідорскага пасля навагодніх перамоваў, напэўна азначала, што ён разумее, хто стане казлом адпушчэння пасля непазбежнага росту цэнаў і камуналкі. А можа, ён усё-ткі думаў пра лёс Беларусі? Пра тое, што становіцца саўдзельнікам гандлю незалежнасцю? Можа, пра свой лёс у сваёй краіне пачалі задумвацца і службоўцы і бізнэсмэны, якіх раней задавальняў рэжым менавіта ў сілу стабільнасці іх становішча пры ім. Можа, хтосьці задумваецца пра тое, што з гэтага года Еўразвяз павялічыўся на Румынію і Баўгарыю? І цяпер гэтыя еўрапейскія краіны, у якіх напачатку 90-х стартавыя магчымасці былі не лепшыя за беларускія, здолеюць на роўных абмяркоўваць пытанні сваёй энергетычнай бяспекі і карыстацца ўсёй поўнасцю падтрымкі ЕЗ? Лукашэнка на словах спрабуе знайсці хоць нейкае выйсце з сітуацыі і ўспамінае пра тое, пра што трэба было памятаць увесь час: геастратэгічнае становішча Беларусі. Ён сапсаваў адносіны з усімі суседзямі і цяпер спрабуе заручыцца падтрымкай хоць кагосьці з іх. Падаецца, спадзяецца на Украіну. Але ва Украіне іншая сітуацыя. Пра гэта ў аўторак, 30 студзеня, на прэс-канферэнцыі сказаў дырэктар расейскіх і азіяцкіх праграм Вашынгтонскага інстытута сусветнай бяспекі Мікалай Злобін. Ён лічыць, што “Януковіч зрабіў правільную рэч, вельмі рэдкую рэч для постсавецкіх палітыкаў – ён прыняў новыя ўмовы, у якіх і перамог”. Ці захоча ўкраінскі прэм’ер рызыкаваць сваёй новай рэпутацыяй і падтрымліваць адыёзны рэжым Лукашэнкі – вялікае пытанне. У Давосе Януковіч і Мядзведзеў павячэралі разам. Калі яны і ўспаміналі Беларусь, то, верагодней за ўсё, падчас абмеркавання магчымасці пераключэння транзіту на Украіну. Андрэй Саннікаў – міжнародны каардынатар Хартыі’97, былы намеснік міністра замежных спраў Беларусі.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|