Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Такія «выбары» больш нікога не цікавяць 16:34, 31/01/2007
Дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі праігнаравалі мясцовыя выбары як сапраўды палітычную падзею. Такая выснова ўтрымліваецца ў канчатковым маніторынгу “Мясцовыя выбары 2007 у беларускіх СМІ”, праведзеным грамадскім аб’яднаннем “Беларуская асацыяцыя журналістаў” (БАЖ). Прэзентацыя вынікаў маніторынгу адбылася сёння ў офісе БАЖ.
Маніторынг праходзіў у тры этапы: з 4 да 16 снежня 2006 года (рэгістрацыя кандыдатаў), з 18 снежня 2006 года да 9 студзеня 2007 года (агітацыйная кампанія) і з 10 да 14 студзеня (заключны этап выбарчай кампаніі). Таксама сачылі за рэакцыяй прэсы на вынікі выбараў у мясцовыя Саветы (папярэдняе і афіцыйнае абвяшчэнне вынікаў галасавання). Усяго прадметам маніторынгу сталі 28 рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ.
Як паведаміў медыа-эксперт Алесь Анціпенка, паводле асвятлення працэсу мясцовых выбараў дзяржаўнымі СМІ “выбары былі пазбаўленыя такіх важных дэмакратычных элементаў, як дух саперніцтва і магчымасць адкрытага выбару між рознымі палітычнымі пазіцыямі”.
А.Анціпека адзначыў, што абмежаваны характар доступу да СМІ не дазволіў кандыдатам шырока прэзентаваць свае перадвыбарныя і палітычныя платформы, а выбаршчыкі, у сваю чаргу, не мелі шырокіх магчымасцяў пазнаёміцца з поглядамі кандыдатаў і іх праграмамі.
“Вынікі маніторынгу паказваюць, што Першы канал беларускага тэлебачання – праграма “Панорама” – прысвяціла мясцовым выбарам толькі 4% часу. У перыяд агітацыйнай кампаніі – самы "гарачы" перыяд выбараў – “Панорама” ўвогуле скараціла эфірны час для асвятлення выбараў з 5% да 3,9%. Што да такіх суб’ектаў выбарчага працэсу, як назіральнікі за выбарамі, то ім на дзяржаўным тэлебачанні было прысвечана ўсяго 8 секунд за ўвесь перыяд маніторынгу”, – паведаміў А.Анціпенка.
Першы канал нацыянальнага радыё (праграма “Радыёфакт”) аддаў выбарам 3% эфірнага часу.
Па словах медыя-эксперта, прыкладна такая самая карціна назіралася ў асвятленні выбараў рэгіянальнымі тэлеканаламі і дзяржаўнай рэспубліканскай прэсай. “Советская Белоруссия” адвяла 84% плошчы газеты, прысвечанай мясцовым выбарам, прэзідэнту, 9% – Цэнтрвыбаркаму і 7% – мясцовым уладам. Іншыя палітычныя суб’екты, якія маюць дачыненне да выбараў, засталіся без увагі газеты. Больш за тое, “СБ”, паводле маніторынгу БАЖ, ніяк не абмяркоўвала агітацыйную кампанію і яе галоўных палітычных удзельнікаў, адзначыў А.Анціпенка.
“Дзяржаўныя газеты праігнаравалі некаторыя важныя аспекты выбарчага працэсу гэтаксама, як і галоўных яго ўдзельнікаў, і ніяк не садзейнічалі таму, каб выбаршчыкі зрабілі ўсвядомлены і кампетэнтны выбар у дзень галасавання”, – гаворыцца ў маніторынгу БАЖ.