Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Святлана Калінкіна: «Цяпер Лукашэнка павінен звольніць галоўных прапагандыстаў» 11:33, 31/01/2007
“Я згодны з любой свабодай журналіста, і сёння мы ў Беларусі прапаведуем гэтую палітыку. Але галоўнае адно – журналіст павінен адказваць за тое, што ён напісаў. Тады заказных артыкулаў будзе менш”, – заявіў учора Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы са старшынёй Венгерскай камуністычнай рабочай партыі, віцэ-старшынёй Еўрапейскай партыі левых сіл Дьюлай Цюрмерам.
“Калі кажаш аб асобе, асабістых якасцях чалавека, можна крытыкаваць яго пазіцыю, але не трэба спрабаваць штосьці з яго асабістага жыцця выцягнуць на паверхню і патаптацца нагамі. Я не прымаю, калі журналісты скачваюцца на асабістыя адзнакі і перавіраюць. Усё астатняе – калі ласка, няхай, будзе крытыка, гэтага баяцца не трэба”, – сказаў А. Лукашэнка.
“Калі Аляксандр Рыгоравіч, казаў шчыра, то першае, што цяпер ён павінен зрабіць, гэта звольніць сваіх галоўных прапагандыстаў з дзяржаўных тэлеканалаў, – пракаментавала словы беларускага прэзідэнта прэс-службе БАЖ Святлана Калінкіна, шэф-рэдактар газеты “Народная воля”. – Яны не толькі крытыкуюць, не толькі “топчуцца нагамі” па асабістым жыцці прадстаўнікоў апазіцыі, але вельмі часта падаюць прыдуманыя і несапраўдныя звесткі, за што іх потым нават немагчыма прыцягнуць да адказнасці”.
“Прэзідэнт – публічная асоба і павінен памятаць, што за словы трэба адказваць. На самай справе сёння нічога не робіцца дзеля развіцця свабоды слова ў Беларусі, – выказала сваё меркаванне С. Калінкіна.
На думку вядомай беларускай журналісткі, гэта тэма ўздымалася таму, што вядзецца барацьба з расійскімі СМІ, якія крытыкуюць палітыку Лукашэнкі.