Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
«Независимая газета»: Лукашэнка стварае альянс супраць Расеі 10:56, 31/01/2007
Беларусь спрабуе стварыць нейкі альянс краін – транзіцёраў расейскіх энергарэсурсаў, накіраваны супраць палітыкі Расеі на энергетычным рынку, і менавіта пра гэта Аляксандр Лукашэнка будзе размаўляць з Віктарам Юшчанкам на сустрэчы ў Менску, запланаванай на другую палову лютага, піша расейская “Независимая газета”.
Аднак пагадненню можа перашкодзіць Віктар Януковіч. Пра гэта “Независимой газете” паведаміў намеснік кіраўніка фракцыі Партыі рэгіёнаў Вярхоўнай Рады Васіль Хара, калі каментаваў іншую сустрэчу – намеснікаў міністраў замежных спраў Украіны і Беларусі, што адбылася ў панядзелак. Вядома, што кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў дзвюх краін абмяркоўвалі дэталі візіту ўкраінскага прэзідэнта ў Менск.
Напярэдадні намеснік міністра эканомікі Беларусі Андрэй Тур заявіў падчас выступу на нацыянальным тэлебачанні, што краіны, цераз якія расейскія энерганосьбіты трапляюць у Еўропу, могуць знайсці варыянты сумеснага выкарыстання геапалітычнага фактара, а Беларусь і Украіна ў сувязі з гэтым здольныя выпрацаваць агульныя падыходы па транзіце расейскіх энергарэсурсаў у Еўропу.
Між іншым, Хара зазначыў “НГ”, што “раней Юшчанка меў цесныя ўзаеміны з прэзідэнтамі Польшчы, краін Прыбалтыкі і Грузіі, а цяпер збіраецца далучыць да гэтага клуба “сяброў” Расеі – Беларусь”. Аднак, па словах украінскага дэпутата, “у Юшчанкі няма паўнамоцтваў вырашаць такія пытанні, як стварэнне міждзяржаўнага саюза Украіны і Беларусі (што, як вядома, прапаноўваў Лукашэнка), згодна з законам аб Кабінеце міністраў, гэта цяпер прэрагатыва ўрада”.
Хара нагадаў, што прэм’ер Януковіч нядаўна ў Давосе зноў вызначыў ролю Расеі ў вонкавай палітыцы Украіны: курс краіны – у Еўропу, але ён немагчымы без Расеі. Таму “Юшчанка, а таксама і тыя прэзідэнты, хто прыйдзе яму на змену, не будуць здольныя нівеляваць арыентацыю Украіны на збліжэнне з Расеяй”. Па словах прадстаўніка кіроўчай партыі, “прэзідэнт і яго асяродак ужо спрабавалі супрацьпаставіць Расеі ГУАМ, аднак урад гэтую задуму не падтрымаў, таму, што ні прыдумаў бы Юшчанка на сустрэчы з Лукашэнкам, гэта выкліча паніжэнне яго рэйтынгу”.
Кіраўнік сацыялагічнай службы “Украінскі барометр” Віктар Небажэнка згодны з Васілём Харай у тым, што сустрэча двух прэзідэнтаў можа стаць усяго толькі дэкларатыўнай, калі яе не ўхваліць Партыя рэгіёнаў і яе лідэр Віктар Януковіч. Небажэнка так пракаментаваў сітуацыю “НГ”: “Лукашэнка баіцца, што расейская мяжа закрыецца для беларускай прадукцыі. Таму ён імкнецца атрымаць запрашэнне на іншы рынак – Украіны і Казахстана. Гэта галоўнае, што ляжыць у аснове яго будучых сустрэч з Назарбаевым і Юшчанкам. Акрамя таго, і Лукашэнка, і Юшчанка атрымоўваюць магчымасць імітаваць узмоцненае збліжэнне і дасканала патрапаць нервы Крамлю. Лукашэнка добра разумее, што ва Украіне сёння вядучую ролю грае Партыя рэгіёнаў, і, па логіцы, яму трэба б было мець справу не з Юшчанкам, а з Януковічам. Але апошняе немагчыма, бо Януковіч баіцца “двоек”, якія выставіў Крэмль. А Юшчанка не баіцца, больш за тое, ён зацікаўлены паказытаць нервы Пуціну. Мэта такой гульні – падвысіць свае шанцы ў перамовах з Крамлём”.
Між іншым, некаторыя эксперты лічаць, што на сустрэчы з кіраўніком Беларусі прэзідэнт Украіны можа запрасіць Лукашэнку ў ГУАМ, асабліва калі ўлічваць намер Украіны, Азербайджана і Беларусі стварыць аб’яднанне па прасоўванні на Захад каспійскай нафты. Аднак Уладзімір Гаруноў, сябра савета расейскай Асацыяцыі палітычных экспертаў і кансультантаў, лічыць такую верагоднасць неперспектыўнай. Ён растлумачыў “НГ”: “Увайсці ў ГУАМ Беларусі не так проста, па-першае, таму, што існуе ваенна-стратэгічнае супрацоўніцтва з Расеяй і шэраг дамоўленасцяў у ваенна-стратэгічных абласцях. Але стварэнне нейкага транзітнага кансорцыума і каардынацыя дзеянняў па транзіце расейскіх энерганосьбітаў з мэтай адстойвання сваіх уласных інтарэсаў – рэч сапраўды рэальная”. Гаруноў зазначыў, што да гэтага кансорцыума могуць далучыцца краіны Балтыі і Малдова.