|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Аляксандр Мілінкевіч: «Як сусед Еўразвяза Беларусь мае цудоўныя перспектывы» 14:37, 31/01/2007 – У апошні час вы зноў сутыкнуліся з самаўпраўствам і неправамоцнымі дзеяннямі беларускай міліцыі. Ці адчуваеце вы сябе ў бяспецы? – Я знаходжуся ў большай бяспецы, чым звычайны апазіцыянер з нейкага маленькага беларускага мястэчка, каго папросту могуць звольніць з працы, каго пераследуе міліцыя. Гэтыя людзі жывуць у значна цяжэйшых умовах. І ўвогуле, тыя, хто знаходзіцца ва ўладзе, пасля выбараў сталі больш агрэсіўнымі – яны адчулі сваю слабасць. – Наколькі больш агрэсіўнымі? – Возьмем нядаўнія мясцовыя выбары. У нашай краіне яны нічога не рашаюць, бо ніякага самакіравання не існуе. Аднак улада спужалася так моцна, што за дзень да выбараў правялі шэраг арыштаў. Яны кінулі ў турму дэмакратаў-актывістаў, шмат каму не далі зарэгістравацца альбо не дазволілі давесці да канца сваю перадвыбарчую кампанію. Такім чынам, на 10 тысяч выбарчых акруг толькі дзевяць кандыдатаў ад дэмакратаў. Палітычна актыўных дэмакратаў выганяюць з працы, студэнтаў выключаюць з ВНУ. Кола рэпрэсій круціцца. – Як ідуць справы ў Аляксандра Казуліна, што разам з вамі супрацьпаставіў сябе на прэзідэнцкіх выбарах Аляксандру Лукашэнку і цяпер адбывае пяцігадовае зняволенне? – На жаль, магчымасці наведвання Казуліна вельмі абмежаваныя. Нават жонка бачыцца з ім вельмі рэдка. Цяпер стан яго здароўя некалькі палепшыўся, але арганізм з цяжкасцю пераносіць наступствы галадоўкі. – Менскі рэжым сцвярджае, што большасць беларусаў падтрымліваюць Лукашэнку. Як тады растлумачыць строгія меры, якія прымаюцца ў дачыненні ўласнага народа? – Агрэсіўнасць тлумачыцца няўпэўненасцю. Рэжым вельмі добрае разумее, што беларуская эканамічная мадэль, як і сацыяльная, не мае будучыні. “Эканамічны цуд” Беларусі абавязаны сваім існаваннем выключна магутнаму фінансаваму падсілкоўванню з Расеі. Цяпер гэтыя ўліванні вельмі скараціліся. – Чаму расейскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін прыняў рашэнне гэтак значна скараціць падтрымку менскага кіраўніцтва? – Расея падтрымлівала Беларусь, бо тая абяцала далучыцца да Расеі. Але Лукашэнка не казаў усёй праўды. Ён не хацеў саюзнай дзяржавы на расейскіх умовах. Цяпер яму даводзіцца за гэта плаціць. – Што думаюць вашы землякі наконт магчымага аб’яднання з Расеяй? – Больш за 90% беларусаў хочуць не аб’яднання з Расеяй, а толькі эканамічнай інтэграцыі. – Пуцін абгрунтаваў навагодняе падвышэнне цэнаў на нафту і газ пераходам на рынкавыя прынцыпы. Вас гэты аргумент упэўніў? – Факт, што як Расеі, так і Беларусі ўжо хутка прыйдзецца плаціць па рынкавых цэнах, тут Пуцін мае рацыю. Але ёсць і іншы аспект. Шмат расейскіх палітыкаў вельмі хочуць аднавіць вялікую расейскую імперыю. Страта Украіны, Беларусі і Сярэдняй Азіі была балючым ударам па імперскіх традыцыях. Цяпер на прыкладзе Беларусі яны хочуць праверыць, ці магчыма аднаўленне імперыі. – А як лічыце вы? – Калі Беларусь далучыцца да Расеі, імперскія тэндэнцыя ўзмацняцца. Калі Беларусь стане дэмакратычнай краінай, то гэта будзе азначаць канчатковую адмову ад імперскай ідэі. І чым хутчэй знікне гэтая ідэя, тым хутчэй на шлях дэмакратычнага еўрапейскага развіцця ўстане сама Расея. – У гэтай сітуацыі Лукашэнка даў зразумець, што ён не супраць зблізіцца з Захадам. Як на гэта павінен рэагаваць Захад? – Я не думаю, што менскі рэжым зменіцца і стане больш дэмакратычным, а як раз гэты момант заўсёды будзе галоўнай умовай Захаду для супрацоўніцтва, якое магло б даць нашаму народу вельмі шмат чаго. У канчатковым выніку, калі справы пойдуць па сцэнары Лукашэнкі, Беларусь не павернецца ні да Расеі, ні да Захаду. – Захад абумоўлівае больш цесныя стасункі прытрымліваннем дэмакратычных норм, гэта правільны шлях? – Я падтрымліваю пазіцыю ЕЗ. Беларусь як сусед Еўразвяза мае цудоўныя перспектывы, але толькі калі яна выканае шэраг умоў. Беларусь мусіць зрабіць першы крок у кірунку лібералізацыі і дэмакратызацыі. Тады сустрэчны крок можа зрабіць ЕЗ. Аднак я баюся, што для Лукашэнкі гэта толькі гульня. Ён не пойдзе на тое, каб правесці дэмакратычныя выбары, бо ён не пераможа на свабодных і сумленных выбарах. – Што трэба рабіць Захаду? – Яму трэба падтрымліваць эканамічнае супрацоўніцтва з нашай краінай. У палітычным плане, наадварот, яму трэба звярнуцца да беларускай грамадзянскай супольнасці. У будучыні надзейным партнёрам стане менавіта яна. – Для некаторых беларускіх палітыкаў, якія ўдзельнічалі ў фальсіфікацыі вынікаў выбараў, ЕЗ увёў забарону на ўезд на сваю тэрыторыю. Ці падтрымліваеце вы гэтую меру? – Я выступаю супраць эканамічных санкцый, аднак вітаю індывідуальныя санкцыі да тых, хто парушае беларускую канстытуцыю і хто вінаваты ў цяперашніх рэпрэсіях. Маральнае ўздзеянне гэтых санкцый вялізнае. Людзі, хто лічыў сябе недатыкальнымі, зразумелі, што існуе справядлівасць, ад якой ім не схавацца. Разуменне гэтага важнае і для нашага грамадства.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|