Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларускі ўрад патрабуе роўных з Расеяй цэнаў на газ 09:40, 01/02/2007
Падвышэнне цаны на энергарэсурсы для спажыўцоў Беларусі і Расеі павінна было адбывацца сінхронна. Такую думку выказаў першы віцэ-прэм’ер беларускага ўрада Уладзімір Сямашка на паседжанне Нацыянальнага савета па працоўных і сацыяльных пытаннях. Ён растлумачыў, што расейскі ўрад быў змушаны прыняць прынцып роўнапрыбытковасці і пайсці на падвышэнне цэнаў на энерганосьбіты, у тым ліку на ўнутраным рынку. Дадзены прынцып азначае, што прыбытак прадаўца энергарэсурсаў павінен быць аднолькавым пры пастаўках усім пакупнікам. Нагадаем, што Расея павялічыла ў 2007 годзе цэны на газ для Беларусі больш як у два разы, у той час як у Расеі яны павялічыліся ў сярэднім на 15%. Да 2011 года цэны на расейскія энерганосьбіты на ўнутраным і вонкавым рынках павінны зраўняцца.
Уладзімір Сямашка лічыць, што рэзкае падвышэнне цаны энерганосьбітаў у 2007 годзе і потым яе паэтапнае давядзенне да запланаванага ўзроўню пры наяўных умовах можа стварыць для спажыўцоў у Беларусі перавагі ў параўнанні з расейскімі.
Па словах першага віцэ-прэм’ера, цяпер “Газпром” падышоў да небяспекі, калі з прычыны недахопу інвестыцый у развіццё новых радовішчаў праз некалькі гадоў запасы газу, які можна прадаць, вычарпаюцца. Ён адзначыў, што ўжо ў 2006 годзе дэфіцыт газу на ўнутраным рынку Расеі дасягнуў прыкладна 4,5 млрд. куб.м. Па некаторых ацэнках, у 2007 годзе гэты дэфіцыт складзе каля 10 млрд. куб.м.
Для забеспячэння паставак энерганосьбітаў на ўнутраны і вонкавы рынкі Расеі неабходна штогод інвеставаць у разведку і ўладкаванне здабыўчай інфраструктуры новых радовішчаў блізу $60 млрд. Пры гэтым апошнія два гады аб’ем такіх інвестыцый складае ўсяго $8,5–9 млрд., сказаў Уладзімір Сямашка.