Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
«Московский комсомолец»: Паміж Беларуссю і Расеяй новая вайна – не газавая, а музычная 10:14, 01/02/2007
У сераду прадзюсерскі цэнтр Віктара Дробыша нечакана забараніў Зміцеру Калдуну ўдзельнічаць у “Еўрабачанні” ад Беларусі і адмовіўся падпісваць загадзя ўзгоднены кантракт з прадстаўнікамі беларускага аргкамітэта, якія прыбылі для гэтага ў Маскву, паведаміў сёння “Московский комсомолец”.
Адборачны тур нацыянальнага фэсту “Еўрафэст” адбыўся на мінулым тыдні ў Менску. З трох фіналістаў – Дыяны Гурцкой, групы Project і Змітра Калдуна кваліфікацыйнае журы абрала пераможцу “Фабрыкі зорак-6”. Ён быў урачыста прадстаўлены як удзельнік ад Беларусі на конкурсе песні “Еўрабачанне-2007” у Хельсінкі з песняй “Work Your Magic”, спецыяльна напісанай для конкурсу Філіпам Кіркоравым і паэтам Карэнам Кавалеранам.
Кіраўнік нацыянальнага камітэта “Еўрафэст” Аляксандр Ціхановіч сказаў учора, што ў цэнтры Дробыша, куды яны прыбылі падпісаць фармальныя дакументы, яму заявілі, што “Калдун – вельмі слабы артыст, і прадзюсерскі цэнтр, які ўжо “абпальваўся” на “Еўрабачанні” з выпускніцамі “Фабрыкі зорак” Ю.Савічавай і Н.Падольскай, не хоча зноў ставіць пад удар рэпутацыю сваёй фірмы”.
Збянтэжаныя беларусы паехалі ў Менск. Яны здзіўляюцца: “Чаму Калдун так нечакана стаў “слабым артыстам” і чаму пра гэта раптам пачалі казаць толькі цяпер, калі ўжо пройдзена “кропка незвароту” – адбыўся адборачны конкурс – і раней ніякіх сумневаў у здольнасцях артыста ніхто не выказваў?” У ЕВС (Еўрапейскім вяшчальным саюзе) тым часам Калдун ужо афіцыйна названы ўдзельнікам конкурсу. У цэнтры Віктара Дробыша тлумачэнняў пакуль не даюць. Сам Калдун, які цяпер у Менску, лічыць тое, што адбылося, “дзіўным” і не збіраецца адмаўляцца ад “Еўрабачання”, пуцёўку на якое заваяваў, як ён лічыць, “у сумленным спаборніцтве”. Здаецца, мы стаім на парозе не толькі грандыёзнага еўраскандала, але і новай расейска-беларускай вайны, ужо не газавай і нафтавай, а музычнай.