Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Польшча можа пашырыць спіс неўяздных беларускіх службоўцаў 15:18, 01/02/2007
Улады Польшчы могуць пашырыць спіс неўяздных беларускіх службоўцаў. Пра гэта сёння на прэс-канферэнцыі ў Менску ў офісе Партыі БНФ паведаміў праваабаронца Алег Воўчак, кіраўнік юрыдычнай службы экс-кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна, паведамляе БелаПАН. Нагадаем, 23–24 студзеня Алег Воўчак і жонка А.Казуліна Ірына Казуліна наведалі Польшчу. Дзе сустрэліся з польскімі палітыкамі і прадстаўнікамі польскіх няўрадавых арганізацый.
“Польскае грамадства добра інфармаванае пра сітуацыю ў Беларусі і пра становішча з правамі чалавека ў нашай краіне, – адзначыў Воўчак. – Нам казалі, што галадоўка А.Казуліна ў турме выклікала практычна такі самы рэзананс у польскіх СМІ, як і “памаранчовая рэвалюцыя” ва Украіне. Таксама нам паведамілі, што польскі ўрад будзе падтрымліваць беларускую грамадзянскую супольнасць. Прыярытэтныя кірункі падтрымкі – незалежныя СМІ, праваабаронцы, палітычныя зняволеныя”.
Па словах праваабаронцы, Польшча гатовая да дыялогу з уладамі Беларусі. “Але гэты дыялог, – і нам гэта жорстка сказалі, – магчымы толькі пасля выканання Беларуссю 12 умоў Еўрапейскага Звяза аб дэмакратызацыі Беларусі. У першую чаргу, умовай такога дыялогу з’яўляецца вызваленне ўсіх палітычных зняволеных”, – сказаў А.Воўчак.
Ён завіў, што з ініцыятывы няўрадавых арганізацый Польшчы ўрад гэтай краіны можа пашырыць спіс неўяздных беларускіх службоўцаў. “Прычым, гэта будзе закранаць не толькі вышэйшых службовых асоб, але і дробных клеркаў, – сказаў А.Воўчак. — Напрыклад, міліцыянтаў, якія некалькі гадзін збівалі моладзевага актывіста Сяргея Гумінскага, следчых і пракурорскіх супрацоўнікоў, суддзяў, якія выносілі неапраўданыя прысуды”.
Таксама праваабаронца паведаміў, што польскае аддзяленне аўтарытэтнай праваабарончай арганізацыі “Міжнародная амністыя” рыхтуе асобную ўлётку па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі з інфармацыяй аб палітычных зняволеных у рэспубліцы. “Гэтая ўлётка будзе адпраўленая ў 200 краін свету, разам з фільмам “На перадавой Праўды”, прысвечаным беларускім палітвязням”, – сказаў А.Воўчак.
Падчас візіту ў Польшчу І.Казуліна і А.Воўчак сустрэліся з дзяржсакратаром канцылярыі прэм’ер-міністра Польшчы Адамам Ліпіньскім, галоўным дарадцам кіраўніка ўрада Марыюшам Машкевічам, дарадцам прэм’ера Міхалам Дворчыкам, сябрам партыі “Грамадзянская платформа” кіраўніком дэпутацкай групы “Салідарнасць з Беларуссю” Робертам Тышкевічам, а таксама з кіраўнікамі польскага філіяла сусветнай праваабарончай арганізацыі “Міжнародная амністыя”.