Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Новы беларускі спадарожнік будзе каштаваць каля 18 мільёнаў даляраў 17:21, 02/02/2007
Беларускі штучны спадарожнік Зямлі будзе каштаваць 18 млн. даляраў, паведамілі “Інтэрфаксу” ў прэс-службе прэзідэнта па выніках нарады па пытанні стварэння Беларускай касмічнай сістэмы дыстанцыйнага зандавання Зямлі.
“Па выніках абмеркавання прэзідэнт прыняў рашэнне аб падаўжэнні развіцця касмічнай галіны. У прыватнасці, будуць здзейсненыя працы па вытворчасці і запуску беларускага касмічнага апарата па характарыстыках, блізкіх да першага спадарожніка “БелКА”. Аднак з улікам сур’ёзных навуковых дасягненняў, зробленых у апошні час, апарат будзе значна ўдасканалены, а яго магчымасці будуць пашыраныя”, – паінфармавалі ў прэс-службе.
Там удакладнілі, што праект стварэння і запуску першага спадарожніка “БелКА” каштаваў 16 млн. даляраў. “Новы апарат з улікам больш сучасных тэхналогій і рашэнняў ацэньваецца папярэдне ў 18 млн. Канчатковыя лічбы будуць вызначаныя кантрактам”, – паведамілі ў прэс-службе.
“Важнае і тое, што аналагічны спадарожнік стварае Расея. Такім чынам, наш спадарожнік будзе ўключаны ў арбітальную групоўку, што значна падвышае камерцыйную запатрабаванасць вынікаў працы на арбіце”, – адзначылі ў прэс-службе Лукашэнкі.
Там паведамілі, што паралельна будуць рэалізоўвацца іншыя важныя праекты. Па-першае, будзе здзяйсняцца праектаванне беларускага спадарожніка з разрашальнай здольнасцю мэтавай апаратуры ў 1 метр – разрашэнне ў два разы лепшае за разрашэнне спадарожніка “БелКА”. Акрамя таго, трэба будзе стварыць поўнамаштабны наземны комплекс упраўлення – гэта будзе цалкам незалежная нацыянальная сістэма прыёму і перадачы інфармацыі на борт касмічнага апарата.
Лукашэнка паставіў задачу стварыць спадарожнік з разрашэннем 2,1 м не пазней чым за 2,5 года. Выраб спадарожніка з разрашальнай здольнасцю мэтавай апаратуры 1 метр зойме каля 4–4,5 гадоў, паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
Па словах старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Міхаіла Мясніковіча, гэта прадугледжвае і больш заказаў для беларускіх спецыялізаваных прадпрыемстваў, якія вырабляюць мэтавую апаратуру і іншыя камплектуючыя для двух новых спадарожнікаў – беларускага і расейскага.
М.Мясніковіч асобна адзначыў вялікі інтарэс да касмічнага праекта Беларусі з боку замежных дзяржаў. “Шэраг прадпрыемстваў ужо атрымалі заказы на вырабы, аналагічныя тым, што былі скарыстаныя для спадарожніка “БелКА”. Рэзананс у спецыялізаваных арганізацыях вельмі высокі і адносна мэтавай апаратуры, і ў частцы сістэмы апрацоўкі і распаўсюджвання касмічнай інфармацыі. Паступаюць звароты як з боку дзяржаў, якія не валодаюць касмічнымі тэхналогіямі, так і ад “касмічных” дзяржаў. Тут галоўнае – не адстаць, ісці ў нагу з часам, а беларускія распрацоўкі шмат у чым арыгінальныя”, – падкрэсліў ён.