Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Адвакаты Казуліна рыхтуюць пазоў супраць Лукашэнкі 11:20, 02/02/2007
Адвакаты зняволенага экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Аляксандра Казуліна рыхтуюць заяву ў пракуратуру супраць прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. Па словах Ігара Рынкевіча, адваката зняволенага палітыка, Аляксандр Казулін абвінавачвае прэзідэнта ў паклёпе і абразах, а таксама ў фальсіфікацыях прэзідэнцкіх выбараў.
“Мы падрыхтавалі дакументы па факце паклёпу яшчэ ў сакавіку мінулага года. У прыватнасці, гэта закранае эпізод, калі на III Усебеларускім з’ездзе Лукашэнка дазволіў сабе адпаведныя выказванні ў адрас майго падабароннага. Мы доўгі час не ставілі гэтае пытанне на парадак дня, бо Аляксандр Казулін лічыў, што шмат хто можа расцаніць гэта як асабістую помсту”, – паведаміў Ігар Рынкевіч.
Адвакат таксама пракаментаваў адмову ва ўзбуджэжнні справы супраць прэзідэнта партыі КХП БНФ: “Узбуджэнне крымінальных спраў сапраўды не знаходзіцца ў кампетэнцыі Вярхоўнага суду. Менавіта таму мы будзем падаваць дакументы ў пракуратуру”.
Раней “Тэлеграф” паведамляў, што 23 лістапада Лукашэнка распавёў украінскім журналістам, што, насамрэч, за яго ў Беларусі на прэзідэнцкіх выбарах прагаласавала 93,5%. Аднак па просьбе еўрапейскіх назіральнікаў, ён згадзіўся панізіць адсотак.
“Апошнія выбары мы фальсіфікавалі”, – паведаміў тады кіраўнік Беларусі.
Аднак беларуская пракуратура адмовілася ўзбуджаць крымінальную справу ў сувязі з прызнаннем беларускага прэзідэнта ў фальсіфікацыях вынікаў вясновых выбараў. У адказе пракуратуры кіраўніку АГП Анатолю Лябедзьку гаворыцца, што яна “дадзенымі пра пэўныя факты, звязаныя з фальсіфікацыяй пры высвятленні вынікаў выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 19.03.2006 не валодае”.