Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Лукашэнка працягвае звадзіць рахункі з Пуціным 09:36, 02/02/2007
На наступны дзень пасля сустрэчы з лідэрам КПРФ Генадзем Зюганавым, 1 лютага, Аляксандр Лукашэнка даў інтэрв`ю галоўнаму рэдактару адыёзнай расейскай газеты “Завтра” Аляксандру Праханаву. Падчас гутаркі абмяркоўваліся пытанні знешняй палітыкі Беларусі, узаемінаў з Расеяй і цэнаў на энерганосьбіты, супрацоўніцтва з еўрапейскімі краінамі, рэакцыі народаў Беларусі і Расеі на нафтагазавы канфлікт.
На пытанне пра перспектывы далейшых беларуска-расейскіх стасункаў на фоне нядаўніх падзей, Аляксандр Лукашэнка адказаў, што ў цяперашнім становішчы “ўсё залежыць ад расейскага кіраўніцтва”. Гэта тычыцца і далейшага выбудоўвання стасункаў у справе будавання “саюзнай дзяржавы”. “У Беларусі агеньчык гэты цепліцца, хоць будзе вельмі няпроста”, – ацаніў Аляксандр Лукашэнка перспектывы ў гэтым кірунку супрацоўніцтва.
Пры гэтым ён нагадаў, што Беларусь у пытанні саюзнага будавання прытрымліваецца Дамовы аб стварэнні “саюзнай дзяржавы” Беларусі і Расеі, дзе вызначаны галоўны прынцып гэтага ўтварэння – раўнапраўе бакоў.
Аляксандр Лукашэнка на фактах паказаў некарэктнасць разлікаў расейскага боку, паводле якіх беларускую эканоміку нібыта датуе Расея.
У дачыненні скоку цэнаў на энерганосьбіты для Беларусі, Аляксандр Лукашэнка сказаў: “Гэта былі прамыя ўказанні прэзідэнта Расеі. Справа не ў “Газпроме”, у дадзеным выпадку не ў ім, а ў кіраўніцтве Расеі. Усё перакладзена на бухгалтэрыю. Але бухгалтэрыя – гэта не аднабаковы рахунак, гэта павінен быць абсалютна аб’ектыўны рахунак”.
Пры гэтым кіраўнік дзяржавы ў якасці аднаго прыклада нагадаў, што стварэнне паўнавартаснай абарончай групоўкі войскаў са ўсёй неабходнай інфраструктурай на заходнім кірунку абышлося б Расеі прыкладна ў $21 млрд.
Лукашэнка яшчэ раз пацвердзіў шматвектарны характар знешняй палітыкі краіны, дзе ёсць месца супрацоўніцтву не з адной дзяржавай, а з многімі – і на Усходзе, і на Захадзе.