Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларускаму МЗС распавялі пра праблемы праваабаронцаў 09:58, 02/02/2007
Беларускі Хельсінкскі Камітэт адрэагаваў у чацвер на распаўсюджаны 31 студзеня прэс-службай МЗС каментар прэс-сакратара Андрэя Папова наконт арэнды офіса арганізацыі.
Беларускі Хельсінкскі камітэт паведамляе, што на момант вынясення Галоўным гаспадарчым упраўленнем Кіраўніцтва справамі прэзідэнта (ГГУ КСП) рашэння аб скасаванні кантракту на арэнду офіса з боку арганізацыі “запазычанасці не мелася, насупраць, пры ўзаемнай зверцы рахункаў быў знойдзены лішак на карысць арэндадаўцы”.
“Адхіленні (і затрымкі, і перадаплата) ад графіка аплаты арэнды офіса, камунальных і эксплуатацыйных плацяжоў (каля 170 еўра штомесяц) звязаныя з умовамі, у якіх змушаны працаваць БХК: банкаўскія рахункі арганізацыі арыштаваныя з 2004 года ў сувязі з патрабаваннем інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах выплаціць падаткі і штрафныя санкцыі, накладзеныя на БХК за дзейнасць па праграме тэхнічнай дапамогі Еўрапейскага Звяза краінам СНД (Праграма ТАСІС). У сувязі з гэтым канфіскавана маёмасць БХК, а Міністэрства юстыцыі падало пазоў у Вярхоўны суд аб прыпыненні дзейнасці праваабарончай арганізацыі”, – гаворыцца ў паведамленні БХК.
У камітэце адзначаюць, што ГГУ КСП адмовілася падоўжыць кантракт і “толькі пасля рашучага пратэсту Еўрапейскага Звязу, Злучаных Штатаў Амерыкі і міжнародных праваабарончых арганізацый з нагоды высяленні праваабаронцаў” змяніла сваё рашэнне і падоўжыла дамову арэнды.
У БХК разлічваюць, што “і Міністэрства юстыцыі адкліча з Вярхоўнага суду пазоў аб прыпыненні дзейнасці праваабарончай арганізацыі і ёй будзе вернутая канфіскаваная маёмасць”.
У сваім каментары А.Папоў адзначыў, што высяляць БХК з занятых ім памяшканняў ніхто першапачаткова не збіраўся. “Ва ўсёй гэтай гісторыі ніякімі “ўціскамі па палітычных матывах” і не пахне, – адзначыў прэс-сакратар МЗС. – На маё глыбокае перакананне, кіраўніцтва БХК дужа “падставіла” і Еўракамісію, і Дзяржаўны дэпартамент ЗША, бо прымусіла гэтыя паважаныя структуры рабіць палітычныя заявы на неіснуючай падставе”.
А.Папоў падкрэсліў, што сума арэнднай платы складае 54 еўра ў месяц, і паведаміў, што выплату арэнднай платы БХК “умудраўся рэгулярна затрымоўваць”.
Будынак па вуліцы К.Лібкнехта ў Менску, у якім знаходзіцца офіс БХК, належыць Кіраўніцтву справамі прэзідэнта. Апавяшчэнне аб скасаванні дамовы арэнды праваабарончая арганізацыя атрымала 19 снежня 2006 года. 29 студзеня БХК пакінуў занятае памяшканне ў гэтым офісным будынку. 31 студзеня стала вядома, што дамова арэнды падоўжаная яшчэ на год.