Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У Нацыянальным Савеце пакуль не чуюць незалежных прафсаюзаў 16:12, 02/02/2007
Прадстаўнікі Беларускага Кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) узялі ўдзел у паседжанні Нацыянальнага Савета па працоўных і сацыяльных пытаннях (НСПСП) з боку рэспубліканскіх аб’яднанняў прафсаюзаў, паведамляе сайт www.bkdp.org. Пры абмеркаванні вынікаў выканання Генеральнага пагаднення ў 2006 годзе, лідэр БКДП Аляксандр Ярашук звярнуў увагу на праблему кантрактнай формы найму. Ён занёс прапанову прывесці ў адпаведнасць з агульнапрынятымі нормамі кантрактную форму найму ў Беларусі, звярнуўшы ўвагу на тэрміны кантрактаў і на неабходнасць пераводу цягам 2–3 гадоў асноўнай масы працаўнікоў на бестэрміновыя працоўныя дамовы. Але прапанова старшыні незалежнага прафцэнтра не знайшла падтрымкі сяброў НСПСП.
Акрамя таго, кіраўнік Кангрэса не мог не пакінуць без увагі па-ранейшаму наяўныя факты дыскрымінацыі арганізацый незалежных прафсаюзаў. Сябры НСПСП з боку ўрада ў сваіх дакладах патрабавалі, каб узаемадзеянне прадстаўнікоў наймальнікаў і прафсаюзаў на прадпрыемствах краіны адбывалася «без сучка и задоринки». Аднак Аляксандр Ярашук прывёў прыклады ціску на арганізацыі БКДП і іх сяброў на ААТ «Гродно Азот», УП «Лёс» (г. Барань) і інш. Як высветлілася, генеральны дырэктар ААТ «Гродно Азот» Аляксандр Радзевіч – сябра НСПСП, але гэта не перашкаджае яму ўжо другі год мэтанакіравана знішчаць арганізацыю Беларускага незалежнага прафсаюза на сваім прадпрыемстве.
Павышаныя эмоцыі суправаджалі і дыскусію з нагоды пазбаўлення Беларусі прэферэнцый у гандлі з краінамі Еўразвяза. Як вядома, гэтае рашэнне Еўразвяз ініцыяваў у сувязі з сістэматычнымі парушэннямі правоў прафсаюзаў. Сябры НСПСП паспрабавалі перакласці віну за тое, што адбываецца, якраз на незалежныя прафсаюзы і прапанавалі лідэру Кангрэса адклікаць скаргу аб парушэннях правоў прафсаюзаў, у свой час накіраваную ў Міжнародную арганізацыю працы (МАП).
– Я магу накіраваць хоць тысячу водгукаў, але ўсе яны разам узятыя не будуць мець юрыдычнай сілы, бо факты парушэнняў прафсаюзных правоў зафіксаваныя МАП і ім дадзеная адпаведная ацэнка. Смешна і недарэчна як адмаўляць іх, так і спрабаваць дэзавуяваць. Самы правільны для ўрада спосаб пазбегнуць негатыўных рашэнняў з боку Еўразвяза – знішчыць наяўныя парушэнні і не дапускаць новых, – заявіў Аляксандр Ярашук.
Аляксандр Ярашук падкрэсліў, што “калі замест адказных дзеянняў, урад будзе і далей дазваляць сабе распрацоўваць такія дакументы, як Канцэпцыя новай рэдакцыі закона “Аб прафесійных саюзах”, то шанцы Беларусі пазбаўляцца штогод 400 млн. еўра ўзрастуць у шмат разоў”. Ён перадаў усім тром сустаршыням НСПСП альтэрнатыўны праект закона “Аб прафесійных саюзах”, падрыхтаваны сумесна БКДП і Беларускім прафсаюзам радыёэлектроннай прамысловасці.
Нягледзячы на напружаны характар паседжання Нацыянальнага Савета лідэр БКДП даў яму ў цэлым пазітыўную ацэнку. – Самае галоўнае, што мы сталі адзін з адным размаўляць. Так, у нас з урадам, наймальнікамі і ФПБ розныя погляды, рознае бачанне працэсаў у сферы працоўных стасункаў і самой сутнасці сацыяльнага дыялогу. Але гэта пераадольная праблема ў тым выпадку, калі ўсе бакі імкнуцца знаходзіць тыя моманты, якія аб’ядноўваюць іх пазіцыі, а не акцэнтуюць увагу на момантах, якія раз’ядноўваюць. Урэшце, мы ўсе грамадзяне адной краіны. Ніхто не можа паставіць пад сумнеў нашу агульную мэту – клапаціцца аб выгодзе працаўнікоў і ўсяго беларускага народа, – рэзюмаваў Аляксандр Ярашук.