|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Сябраваць «супраць Расеі» ў беларускай палітыцы становіцца модна 11:25, 02/02/2007 І хоць расейскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін адзначыў, што Расея працягне будаванне “саюзнай дзяржавы” з Беларуссю, у здольнасцях “будаўнікоў” сумняваецца ўсё большая колькасць нават тых, хто ў поспех “саюзнай дзяржавы” сапраўды верыў. Дэпутат “палаты прадстаўнікоў” “нацыянальнага сходу” Сяргей Гайдукевіч лічыць, што на дадзеным гістарычным этапе незалежнасць усё-ткі больш важная за інтэграцыю. “Хацелася б пачуць падчас выступу Уладзіміра Уладзіміравіча пэўныя рэчы: вось гэта будзе заўтра, гэта – паслязаўтра. І хацелася б, каб расейскі бок разумеў, што суверэнітэт рэспублікі Беларусь – рэч непарушная”, – сказаў Гайдукевіч у інтэрв’ю Расейскай службе радыё “Свобода”. Экс-старшыня вярхоўнага савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч кажа, што ідэі, выказаныя Уладзімірам Пуціным, можна падвесці пад формулу “два ў адным”: “Пуцін фактычна сказаў, што Расея працягвае імперскую палітыку ў стасунках з Беларуссю. Гэта і датычыцца і размоў пра сумесную дзяржаву, пра сумесныя грошы. І сам Пуцін у адказ на іншае пытанне сказаў, што нельга гэтага рабіць. Ён сказаў, што інфляцыя ў Расеі перавышае 9%. Значыць, і нас цягнуць у гэтую сістэму, калі нават у нас, у гэтых умовах антыдэмакратычных, мы здольныя паказваць лепшыя вынікі ”. Большасць беларускіх аналітыкаў звяртае ўвагу на тое, што ледзь ці не ўпершыню расейскі лідэр фактычна прызнаў: Расея не хацела наносіць шкоду дзейнаму прэзідэнту Беларусі падчас прэзідэнцкіх выбараў. Пра гэта кажа кіраўнік аналітычнага цэнтра “Стратэгія” Леанід Заіка. “Пацвярджаецца гіпотэза пра тое, што Расея сапраўды перашкаджала выбарнай кампаніі ў Беларусі ў сакавіку, стварыла максімальна спрыяльныя ўмовы для беларускай улады, а пасля яна вярнулася да тых пазіцый, якія тры гады таму былі вызначаныя, як пераход да рынкавых стасункаў, у прыватнасці, па нафце і па газе. У Пуціна быў выдатны рытарычны дадатак, калі ён сказаў – “…калі мы не знаходзімся ў адной дзяржаве”, – адзначыў Заіка ў інтэрв’ю Расейскай службе радыё “Свобода”. А вось намеснік старшыні Аб’яднанай Грамадзянскай партыі Сяргей Альфер знайшоў у выступе Уладзіміра Пуціна нават агаворку па Фрэйду: “Была маленькая агаворка па Фрэйду. Маўляў, “мы далі незалежнасць гэтым краінам”, калі Пуцін казаў пра Беларусь і Украіну. Гэта даволі цікава. Па-першае, хто такія “мы” – уласна Расея ці ўлады Расеі? Я так і не зразумеў. У любым выпадку гэта пацвярджае імперскі характар думак вышэйшага расейскага кіраўніцтва”. Аляксандр Лукашэнка пакуль не адрэагаваў на выказванні свайго расейскага калегі. Аднак напроста падпарадкаваныя ідэалагічным падраздзяленням прэзідэнцкай адміністрацыі масмедыа пасля прэс-канферэнцыі Уладзіміра Пуціна канстатавалі: у сваіх развагах Пуцін дазволіў зрабіць выснову пра тое, што па шматлікіх пазіцыях Расея застаецца “вельмі супярэчлівай дзяржавай”.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|