|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Юры Хашчавацкі: «Пуціну трэба нешта рабіць з рэйтынгам Лукашэнкі» 10:50, 02/02/2007
– На сваёй вялікай прэс-канферэнцыі Пуцін прызнаўся: “Скажу шчыра: мы не хацелі наносіць шкоду дзейнаму прэзідэнту ў Беларусі летась у сувязі з палітычнымі падзеямі, найперш, з выбарамі. Мы не хацелі там ствараць нейкіх праблем рэжыму”. А літаральна напярэдадні гэтага прызнання ў галоўнай інфармацыйнай тэлепраграме “Время” былі паказаныя фрагменты Вашага фільма “Плошча”, дзе якраз і казалася, што пазбегнуць праблем у рэжыму на тых выбарах усё-ткі не атрымалася. Як Вы думаеце, магчыма, дэманстрацыя Вашага фільма па расейскім тэлебачанні сведчыць пра тое, што Пуцін прызнаў сваю памылку, фактычна падтрымаўшы летась дзейнага прэзідэнта Беларусі? – Вельмі дакладна сфармуляванае прызнанне: “…не хацелі наносіць шкоду дзейнаму прэзідэнту…”. Прэзідэнту не хацелі, а Беларусі гэтую шкоду наносяць ужо шмат гадоў запар. Бо ў дачыненні нашай краіны ўжо даўно дзейнічае самая папулярная сёння ў Расеі схема прыватызацыі прадпрыемства: туды саджаюць “свайго” дырэктара, той гэтае прадпрыемства даводзіць да банкруцтва, пасля чаго гэтае прадпрыемства – а ў нашым выпадку цэлая краіна! – “прыватызуецца” за капейкі. Падтрымка недасканалага рэжыму, па сутнасці, гэта лепшы спосаб збанкрутаваць Беларусь. Памылка ў іншым – яны не на таго напалі, Лукашэнка аказаўся не “сваім” дырэктарам, ён гуляе сваю гульню. Яны думалі, што ён проста дурань, што яны яго хуценька праглынуць, але ж не – падавіліся! Пакуль расейская ўлада будавала сваю “суверэнную дэмакратыю” (дарэчы, фактычна паўтарыла беларускі шлях!) Лукашэнка набыў у Расеі масу ўплывовых прыхільнікаў ды і ў правінцыі атрымаў вельмі высокі рэйтынг. Я гэта дакладна ведаю, я нядаўна шмат ездзіў па расейскай глыбінцы. Там паволі зацвердзіўся міф пра нібыта “самага шчырага і сумленнага” прэзідэнта Беларусі. Пачынаеш тлумачыць, што гэта далёка не так, што насамрэч Лукашэнка ўсім алігархам алігарх, так на цябе глядзяць, як на ворага народа і рэзідэнта ЦРУ. Карацей, “не хацелі ствараць праблем” нашаму рэжыму – стварылі свайму. І вось цяпер Пуцін перад праблемай: яму трэба нешта рабіць з рэйтынгам Лукашэнкі. Тут і спатрэбіліся фрагменты майго новага фільма. З аднаго боку, яны нібыта паніжаюць яго рэйтынг, а з другога боку, паказваюць Лукашэнку свае зубы: глядзі, маўляў, можам цябе і “замачыць у сарціры”, калі не будзеш слухацца. – Як быў успрыняты фільм “Плошча” ў самой Беларусі і за яе межамі? – На сайце www.tut.by у раздзеле “палітыка” ёсць форум, прысвечаны фільму “Плошча”. Там вельмі шмат наведванняў і сотні водгукаў. Практычна ўсе станоўчыя, адмоўных літаральна два–тры, ды і тыя відавочна ад спецслужбістаў, якія працуюць на форумах. Гэта значыць, у Беларусі фільм прыняты вельмі выдатна. Хтосьці ўжо змясціў фільм у сетку, і яго бесперапынна спампоўваюць. Копіі распаўсюджваюцца з касмічнай хуткасцю – піраты не дрэмлюць, вялікі ім за гэта дзякуй. Але глядзяць не толькі ў Беларусі: ёсць паведамленні і замежныя, напрыклад, з Галандыі. Жанчына піша, што “муж нават не ведае мовы, але глядзеў адкрыўшы рот, не адрываючыся, паўтары гадзіны”. Я рабіў працоўны прагляд у Эстоніі – там пасля фільма вельмі доўга апладзіравалі, а потым яшчэ гадзіны паўтары задавалі пытанні. Ведаю, што хтосьці паказаў фільм у Польшчы – потым мне тэлефанавалі з трох радыёстанцый і я таксама адказваў на пытанні. Гэта значыць, падаецца, што інтарэс вялізны. Але самая дарагая мне ацэнка, гэта выпадак, якому я не быў сведкай, проста мае знаёмыя мне распавялі: пасля прагляду адзін хлопец – ён на плошчы не быў і ўпершыню ўбачыў тое, што там адбывалася, – выйшаў на кухню, доўга паліў, а потым раптам сказаў: здаецца, я прапусціў нешта вельмі важнае ў маім жыцці. Мабыць наступным разам ён будзе на плошчы, а гэта значыць, што яшчэ адзін чалавек адчуў сябе больш свабадным, а, значыць, і больш моцным. – У апошні час Лукашэнка агучвае сваё вельмі крытычнае стаўленне да расейскага кіраўніцтва і асабіста да Пуціна. Калі апошнія шчырыя словы Пуціна перад тысячнай аўдыторыяй журналістаў у прамым тэлеэфіры маглі пачуць усе, то пра словы Лукашэнкі можна было даведацца праз адрэдагаваныя тэлерэпартажы беларускага тэлебачання. Нагадаю, што яго суразмоўцамі ў апошні час былі нямецкі палітолаг Аляксандр Рар, расейскі палітык Генадзь Зюганаў і пісьменнік Аляксандр Праханаў. Каго з сваіх калегаў Вы ўключылі б у гэты пералік прыдатных для Лукашэнкі суразмоўцаў? – Тое, што Лукашэнка ненавідзіць Пуціна лютай нянавісцю абсалютна мне зразумела: Пуцін заняў яго месца! І працягвае займаць! І збіраецца яшчэ і пераемніка назваць! І назаве не Лукашэнку, а кагосьці з сваіх! Нічога больш злачыннага ў дачыненні да Лукашэнкі здзейсніць нельга, бо ўсім павінна быць ужо зразумела, што прэзідэнтам усяго і назаўжды павінен быць Лукашэнка і толькі ён адзіны! Усведамленне гэтай абуральнай несправядлівасці дзейнічае беларускаму прэзідэнту на нервы, і ён зрываецца: замест прынятых у асяродку палітыкаў гладкіх фармулёвак у Лукашэнкі мімавольна атрымоўваецца штосьці іншае, нават да абразаў даходзіць. Карацей, не Саюз, а камунальная кухня. Што там мухі ў катлетах! – Мы таксама не лыкам шытыя, можам і ў ваш боршч чаго-небудзь нарабіць! Вось і даводзіцца беларускім ідэолагам – тэлевізійнікам ліхаманкава рэдагаваць беларускага прэзідэнта. Бо, барані Бог, дагаварыцца да канчатковага разрыву. З Зюганавым, з Проханавым... З кім яшчэ? – Ну, размаўляў з Папцовым – памятаеце гэтую слінатачывую паэму пад эпічнай назвай “Я быў у іншай краіне”? У канцы гэтага опуса ў мяне ўжо было пачуццё, што Папцоў вось-вось заспявае! А што? Бору Маісееву спяваць можна, а Папцову нельга? А ўвогуле, было б цікава паслухаць – не, не паслухаць – паглядзець! – гутарку Лукашэнкі з Лявонцьевым. Гэта было б нешта! Бо могуць адзін аднаго і пазабіваць! – Вы былі сярод заснавальнікаў беларускай грамадзянскай ініцыятывы Хартыя’97 . На Ваш погляд, што ў гэтай ініцыятывы атрымалася і што не атрымалася за апошнія дзесяць гадоў супраціву рэжыму Лукашэнкі? – Атрымалася актыўна папрацаваць з моладдзю, атрымалася стварыць добры апазіцыйны сайт, атрымалася правесці серыю масавых мерапрыемстваў – успомніце хоць “Маршы Свабоды”! Перформансы “Зуброў”, іх акцыі – гэта таксама не без уплыву Хартыі’97. І у працы над фільмам яны мне дапамаглі. І не толькі яны – яшчэ вельмі дапамагла праваабарончая арганізацыя “Вясна”. – Што не атрымалася? – Пэўна, галоўнае: не атрымалася дамагчыся змены ўлады. Гэта ва ўсіх нас пакуль не атрымалася. Не атрымалася і не атрымоўваецца пазбегнуць тактычных памылак. Не заўсёды атрымоўвалася абараніць сваю правасць у дыскусіі з роднаснымі палітычнымі сіламі і ўтрымаць тых ад відавочных памылак. Ва ўсіх нас нешта атрымоўваецца, а нешта не. Але гэта жыццё. Цяжкае, але цікавае. Пытанні задаваў Раман Якаўлеўскі.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|