Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Прадстаўнікі ўлад згадзіліся сустрэцца з прадпрымальнікамі 13:34, 02/02/2007
На 14 лютага запланаваная сустрэча прадстаўнікоў урада і Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі з прадпрымальнікамі. Як паведаміў БелаПАН адзін з удзельнікаў дадзенай сустрэчы, старшыня грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз прадпрымальнікаў” (БСП) Аляксандр Патупа, фармат мерапрыемства пакуль удакладняецца, аднак ужо вядома, што з боку ўладаў у ім возьмуць удзел кіраўнік прэзідэнцкай адміністрацыі Генадзь Нявыглас, яго намеснікі Наталля Пяткевіч і Леанід Анфімаў, віцэ-прэм’ер Андрэй Кабякоў і іншыя сябры ўрада. Мяркуюць, што сустрэча адбудзецца ў будынку Нацыянальнай бібліятэкі.
А.Патупа збіраецца прадставіць службоўцам пакет дакументаў, якія неабходна прыняць для рэальнага паляпшэння бізнэс-клімату ў краіне. “Неабходныя сур’ёзныя комплексныя меры па інтэнсіўнай сістэмнай лібералізацыі эканомікі, – лічыць лідэр БСП. – Ва ўмовах падаражання энергарэсурсаў прыватны бізнэс, па сутнасці, застаецца адзіным рэзервам, які могуць выкарыстаць улады, каб не дапусціць абвалу эканомікі. Неабходна прымаць (прычым неадкладна) вызначаныя дакументы. Патрэбна добра прапрацаваная прэзідэнцкая дырэктыва па развіцці прадпрымальніцтва і суправаджальныя дакументы, датычныя павелічэння гарантый для долі бізнэсу, аптымізацыі падатковай і ліцэнзійнай сістэмы”.
А Патупа асобна адзначыў той факт, што сустрэча арганізуецца з ініцыятывы ўлад. Гэта, па яго словах, дае падставы для некаторага аптымізму. “Спадзяюся, што падрыхтаваныя намі дакументы стануць своеасаблівай стартавай праграмай у галіне прадпрымальніцтва. А надалей будзе весціся вельмі вялікая праца, у першую чаргу па знішчэнні шматлікіх адміністрацыйных бар’ераў”, – сказаў лідэр БСП.
Нагадаем, што 23 студзеня на нарадзе ў Наваполацку намеснік кіраўнка прэзідэнцкай адміністрацыі Леанід Анфімаў папракнуў дзяржслужбоўцаў у пагардлівасці да долі бізнэсу. “Сёння выгодней прадаць або аддаць прыватніку асобныя стратныя прадпрыемствы, замест таго каб укладваць значныя дзяржаўныя сродкі ў іх падтрымку”, – адзначыў Анфімаў.