Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У беларускай газеце на правах рэкламы апублікаваны кампрамат на Пуціна 10:36, 05/02/2007
У беларускай газеце “Знамя юности” 2 лютага апублікаваныя фатаграфіі інтэр’еру салона самалёта Мул-96-300-ПУ(М), на якім нібыта лётае прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін. Здымкі перадрукаваныя з аднаго з блогаў “Живого журнала”. На іх можна бачыць багатае ўбранне салона з даволі рэзкімі каментарамі наведвальнікаў блога.
Як стала вядома БелаПАН, гэты матэрыял пад загалоўкам “Залаты” самалёт Пуціна” апублікаваны газетай “Знамя юности” на правах рэкламы. Па словах палітычнага аглядальніка выдання Андрэя Яўменава, газетная паласа, на якой размешчаныя фатаграфіі, была загадзя выкупленая заказчыкам. У рэдакцыі разгледзелі дадзены матэрыял і прынялі рашэнне, што ён “не расходзіцца ні з заканадаўствам, ні з канцэпцыяй газеты”. Аднак назваць заказчыка ў рэдакцыі адмовіліся.
Цікава, што над матэрыялам знаходзіцца лагатып Першага канала, які ўваходзіць у склад Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі. У НДТРК БелаПАН паведамілі, што перыядычна размяшчаюць рэкламныя матэрыялы ў газеце “Знамя юности”, але адмовіліся пацвердзіць або абвергнуць тое, што іх кампанія заказчык гэтай публікацыі.
У прэс-службе прэзідэнта Расеі БелаПАН не здолелі адказаць, ці сапраўды на апублікаваных у газеце здымках адлюстраваны інтэр’ер самалёта Уладзіміра Пуціна. “Былі фатаграфіі ў газеце “Комсомольская правда”. Гэта афіцыйныя здымкі самалёта прэзідэнта, – сказалі ў прэс-службе. – Мы не можам каментаваць фатаграфіі, якія надрукавала беларуская газета”.
Прадстаўнік аднаго з беларускіх рэкламных агенцтваў, які папрасіў не называць яго імя, адзначыў, што апублікаваны фотаматэрыял не з’яўляецца “прамой рэкламай”. “Гэта пытанне, хутчэй, палітычнае, – сказаў суразмоўца. – Закон аб рэкламе забараняе публікацыю неналежнай і так званай “прыхаванай” рэкламы – збіранне платы за размяшчэнне рэкламнага матэрыялу як за інфармацыйны”.