Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Масавыя затрыманьні ў Менску актывістаў «Маладога Фронта» 09:43, 05/02/2007
Супрацоўнікі АМАПа затрымалі ўчора ў Менску каля 30 сяброў арганізацыі “Малады фронт”. Гэта адбылося ў той час, калі праходзіла паседжаньне цэнтральнай рады арганізацыі ў прыватнай кватэры на вуліцы Цнянскай. У гэты ж дзень на кватэрах актывістаў “Маладога Фронта” адбыліся ператрусы.
Затрыманыя актывісты незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” былі адвезеныя ў пастарунак Савецкага РУУС. Ім удалося паведаміць “Радыё Свабода”, што сьледчыя патрабавалі ад актывістаў Зьмітра Хведарука і Яўгена Скрабутана прызнацца ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі. Нагадаем, што лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч ужо быў пакараны пазбаўленьнем волі паводле гэтага абвінавачаньня.
Доўгі час аб лёсе затрыманых нічога не было вядома. Праз чатыры гадзіны журналісты былі сведкамі, як затрыманых выводзілі з аддзяленьня міліцыі ў аўтазакі. Актывістаў Зьмітра Хведарука і Яўгена Скрабутана асобна выводзілі супрацоўнікі КДБ. Як сьведчыць карэспандэнтка “Радыё Свабода”, на галаве ў Зьмітра Хведарука быў мяшок. Зьміцер Хведарук здолеў смскай паведаміць сябрам, што яму пагражае крымінальная справа і яго вязуць у ізалятар КДБ.
Адной дзяўчыне ў аўтазаку стала дрэнна, і ёй выклікалі “Хуткую дапамогу”.
А 22 гадзіне байцы спэцназу ў масках ўварваліся ў кватэру актывіста "Маладога фронту" Алега Корбана. Хлопца затрымалі і адвезьлі ў невядомым кірунку.
Пасоя 23 гадзін усіх затрыманых актывістаў “Маладога фронту”, якія знаходзіліся ў міліцэйскім аўтазаку, вызвалілі, у тым ліку і Яўгена Скрабутана, якога раней дапытвалі супрацоўнікі КДБ.
Але адначасова на кватэрах актывістаў “Маладога Фронта” Аляксея Янушэўскага, непаўналетняй Насты Палажанкі, а таксама Яраслава Грышчэні з Баранавічаў прашлі ператрусы.
Да гэтага часу невядомы лёс Алега Корбана і Зьмітра Хведарука. Іх паплечнікі будуць чакаць хлопцаў з раніцы 5 лютага ля будынку суду Савецкага раёну Менску. Калі іх не даставяць у суд, то моладзевыя актывісты мяркуюць, што супраць іх распачатая крымінальная справа за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі, і іх трымаюць у сьледчым ізалятары.
Актывістаў “Маладога фронту” міліцыянты трымалі каля 7 гадзінаў. Пры гэтым бацькам непаўнагадовых актывістаў гаварылі, што іх дзяцей ніхто не затрымліваў, і яны могуць пакінуць пастарунак.