Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Мінюст папярэдзіў тры апазіцыйныя партыі 09:49, 05/02/2007
Міністэрства юстыцыі вынесла пісьмовыя папярэджанні тром палітычным партыям – Партыі камуністаў Беларускай (ПКБ), Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і Беларускай партыі жанчын “Надзея”.
Як паведамляе афіцыйны сайт Мінюста, папярэджанні вынесеныя 1 лютага. Падставай стала правядзенне названымі партыямі 17 снежня 2006 года ва ўкраінскім Чарнігаве ўстаноўчага з’езду палітычнага аб’яднання “Саюз левых партый” (СЛП). У папярэджанні Мінюста гаворыцца, што, паводле наяўнага заканадаўства, “дзейнасць палітычных партый, зарэгістраваных у Рэспубліцы Беларусь, можа распаўсюджвацца толькі на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь. Палітычныя партыі не маюць права арганізоўваць і праводзіць мерапрыемствы на тэрыторыі іншых дзяржаў”.
Нагадаем, першапачаткова ўстаноўчая канферэнцыя СЛП планавалася ў Менску, аднак знайсці памяшканне для яе правядзення арганізатары не здолелі – ім некалькі разоў адмаўлялі ў арэндзе. У выніку канферэнцыю вырашылі правесці ў Чарнігаве.
Мэта СЛП – аб’яднаць намаганні трох партый для рэалізацыі задач, якія стаяць перад дэмакратычнай кааліцыяй. Яшчэ ў Чарнігаве лідэр ПКБ Сяргей Калякін у інтэрв’ю БелаПАН выказаў здагадку, што новае аб’яднанне могуць не зарэгістраваць “па палітычных падставах”. “Калі саюз не будзе зарэгістраваны, мы знойдзем арганізацыйную форму нашага ўзаемадзеяння, каб выконваць тыя задачы, якія перад сабою ставім”, – адзначыў палітык.
Заснавальнікі СЛП маюць намер абскардзіць папярэджанні Мінюста ў Вярхоўным судзе.